Старонка:З пушкі на Луну.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сустрэлі яшчэ некалькі такіх рэчак, але і цераз іх пераправіліся шчасліва. Агромныя кайманы, даўжынёй па 4-5 метраў, відаць напалоханыя вялікай колькасцю людзей і коней, не адважваліся нападаць на падарожнікаў.

Далей лес радзеў; знікалі балотныя птушкі і вадзяныя жывёлы; дрэвы станавіліся танчэйшымі і ніжэйшымі; пачалі ўсё часцей і часцей сустракацца прагаліны. Воддаль зноў паказаўся стэп з рэдкімі групамі дрэў. Некалькі разоў міма кавалькады прабягалі стады перапалоханых аленяў.

— Нарэшце! — усклікнуў Барбікен, прыпадымаючыся на страмёнах. — Вось край сасны!

— І дзікуноў, — дадаў маёр.

Сапраўды, на гарызонце бязмежнага стэпа паказалася некалькі маленькіх атрадаў семінолаў. Спачатку яны паімчаліся да падарожнікаў; затым прыпыніліся, пачалі пад’язджаць адзін да аднаго на сваіх маленькіх, але быстрых конях, махаючы коп’ямі і страляючы ўверх са стрэльбаў, стрэлы якіх маюць асобую глухату гука. Аднак, семінолы абмежаваліся толькі гэтымі варожымі дэманстрацыямі, не адважваючыся напасці на шматлікую світу Барбікена.

Падарожнікі даехалі да камяністага роўнага месца, плошчай у некалькі акраў, залітага яркімі і пякучымі праменнямі сонца. Гэта месца прыметна ўзвышалася над астатнім стэпам і здавалася якраз адпавядаючым умовам, аб якіх марыў Барбікен для ўстаноўкі калумбіяды.

— Стой! — крыкнуў Барбікен, прытрымоўваючы каня. — Як называецца гэта мясцовасць? — запытаў ён, звяртаючыся да світы.

— Мы называем яе Стонзхіл (Камяністы ўзгорак), — адказаў адзін з фларыдцаў.