Старонка:З пушкі на Луну.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

між галля гняздо савакуна. Гэту птушку называюць яшчэ ракаедам, бо яна вельмі ахвотна есць рабакападобных жывёлін. Птушка гэта вельмі прыгожая, але яшчэ прыгажэйшае яе гняздо — сапраўдны футляр тонкай работы з прыгожага пер’я.

Маёр і Мастон не маглі не захапляцца прыгажосцю гэтай пышнай прыроды, не гледзячы на тое, што яны былі палкія артылерысты і дзелавыя людзі.

Адзін толькі Барбікен, увесь паглынуты сваімі думкамі аб удалым выбары найлепшага месца для адліўкі калумбіяды, заставаўся абыякавым да прыгожага лесу. Нават, наадварот, ён спяшаўся выбрацца з яго: багатая глеба не падабалася яму іменна сваёй урадлівасцю. Хоць Барбікен і не быў зроблены з гіграскапічнага матэрыялу, але ён так і адчуваў ваду пад сваімі нагамі, пад гэтай урадлівай глебай, а яму патрэбна была глеба зусім сухая.

Кавалькада ўсё рухалася наперад. Хутка напаткалі даволі шырокую рэчку, але настолькі мелкую, што яе можна было пераехаць уброд.

Адзін з коннікаў папярэдзіў Барбікена і яго таварышоў, што пераезд цераз раку можа быць небяспечным, калі не сачыць за кайманамі, якіх вельмі многа ў фларыдскай прэснай вадзе.

— Вось яшчэ! — Я іх! — усклікнуў храбры Мастон, адважна пагражаючы кракадзілам сваім жалезным кручком.

Але яго жэст напалохаў толькі пеліканаў, чыркоў і іншых вадзяных птушак, што плёскаліся каля берагоў. Яны з шумам пераляцелі на іншае месца; толькі вялікія чырвоныя фламінго не крануліся з месца і тупа глядзелі на людзей і коней.