польскае ці расейскае, якія хадзілі ў народ з рознымі заклікамі. Селянін беларускі не лавіў паўстанцаў у 1863 г., як гэта было нат‘ мясцамі ў каранной Польшчы. Мясцамі ён спагадна паглядаў на натугі шляхты прагнаць маскалёў, найчасьцей аднак аставаўся інэртным. Усё гэта ня была ягоная справа. Павадыры тагачасныя ішлі да народу з лёзунгамі далёкімі і чужымі, што ня ўмелі закрануць душы. Тыя павадыры і народ ня мелі супольнага языка. Яшчэ адзін прыклад з адносінаў масы і ейнае рэакцыі з апошніх дзён. Думаю тутака аб Грамадзе. Магутны ўздойм, шуканьне свае формы ўскалыхнула народам і паклікала армію ў рады сялянска-работніцкае арганізацыі. Ці гэта быў сапраўды волат на гліняных нагах, ці ў Грамадзе мо‘ было яшчэ за шмат чужога?.. Адказываць на гэта было-б сяньня захутка, сяньня маем лішне мала фактычнага матар‘ялу ў руках, каб рабіць станоўкія прысуды.
Характар адзінкі зьяўляецца выпладам спадчыны па продках з судзеяньнем асяродзішча. Тое самае трэба сказаць аб характары народу. Асяродзішчам будзе ён сам і ягоныя суседзі. Адначасна падзеі гэнага-ж чалавека ці цэлага народу паказацівамуць на ягоны характар.
Дык што можна казаць аб нашым нацыянальным характары? Апрача вышэй названых і падчыркнутых нахілаў да спакойна-кантэмпляцыўнага жыцьця і любасьці да свайго старадаўняга, трэба сказаць, што не паказаў ён аканчальнае свае формы, у якой ён быў-бы зусім сабою. Паасобныя ўздоймы рэвалюцыйныя — гэта толькі паказальнік, што ёсьць туга, шуканьне свайго шляху. Калі дагэтуль народ беларускі не праявіў у шырэйшым маштабе свайго твару, дык бязумоўна дзякуючы сваім аснаўным рысам, а перадусім вонкавым умовам жыцьця, у якіх ён дасюль знаходзіўся.
Ці гэныя аснаўныя рысы часам ня маюць у сабе прысуду на будучыню, інакш кажучы, ці ня будуць яны тым дзейнікам, дзякуючы якому народ не астоіцца перад азброеным сьветам, асабліва гэным блізкім сьветам суседзяў? Дасюлешняя практыка казала-б нам хутчэй аб тым, што гэная вонкавая нядужасьць мае ў сабе таёмную сілу апору. Жыцьцё цячэ; новыя надыходзячыя хвормы дадуць калісь і Беларусу паказаць сябе, заняць сваё месца паміж іншымі народамі.
Цяжкі шлях Беларуса быў дагэтуль, ня лёгкі ён будзе ў бліжэйшай будучыні. Мы лішне далёкія і іншыя ад сумежных з намі народаў, каб маглі лёгка знайсьці сябе самых. Зарука нашае будучыні ў дзеяньні ў сваёй собскай форме, адказывючай нашаму характару.