50 гадоў. Сучаснасьць зьяўляецца найлепшым адказам на натугі полёнізацыйныя. Суадносіны паміж чужым элемэнтам і масаю беларускаю паказываюць, што гэны загнаны гаротнік селянін умее зашчапіць свой сьветапагляд, свае абычаі насланаму з культурнаю місіяю да яго асадніку.
Дык ёсьць тады ў нявыразнасьці „хістаньня“ беларускага нейкая суцэльнасьць, сіла і трэба папытацца — ці гэта сапраўды нявыразнасьць, ці гэта мо‘ толькі іншыя адносіны да жыцьця? У гэтай сіле асыміляцыйнай ёсьць мо‘ нешта, што мерыць трэба мерамі ня розуму, а катэгорыямі рэпрэзэнтаванымі ў паэзіі… Новая пара ў развою падзеяў гістарычных на тэрыторыі беларускай у сувязі ўжо з Польшчаю вызначаецца адыходам вярхоў грамадзянства, якія губляюць свой твар нацыянальны і ў працягу некалькі стагодзьдзяў прытуляюцца да чужое ім псыхікі мазурскае. Ясна, што гэта ня была суцэльнасьць нацыі беларускае, што адкалолася ад свайго камля, — маса, шырокія сфэры грамадзянства асталіся пры берагу гэнае хвалі. Ня гледзячы на гэта „панскія“ сфэры, усе тыя вяльможы і магнаты, да канца Рэчыпаспалітае пачувалі сваю апрычонасьць. Лішне далёкаю была псыхіка людзей, якія гаварылі на тую пару аднолькаваю моваю, значыцца польскаю, у Беларусі і ў Польшчы. Няма што ўжо казаць аб мяшчанстве і сялянстве.
Я не ўваходжу ў прычыны, якія выклікалі гэныя працэсы, ці яны былі абаснаваныя і на чым былі абаснаваныя. Бязумоўна тутака, у гэнай плошчы матар‘ялістычная дыялектыка магла-б трыумфаваць, яна паказала-б і даказала-б, што шляхта беларуская імкнулася да тых здабычаў сацыяльных і клясавых, якія мела на тую пару шляхта польская.
Цікавімся мы аднак зусім не аб тым. Мы хочам знайсьці толькі адказ на тое, чым зьяўляецца і якім зьяўляецца характар Беларуса не як адзінкі, а як народу. Дык адыход цэлае клясы народу мае свой тутака асаблівы зьмест. Пасыўныя адносіны масаў паказываюць дужа добра на характар полёнізацыі. Гэта быў выплад дзяржаўнае толькі палітыкі, а ніколі нейкае вышэйшасьці, перамогі багацейшае культуры. Што вышэйшасьць культурная мела ды мае ў такіх сытуацыях адноснае значэньне — паказвае хаця-б прыклад падзеяў на польскім Шлёнску. Вялікая і багатая культура нямецкая не магла перамагчы інэртных адносінаў польскага работніка і селяніна. Калі ўжо гутарка аб вышыні культураў, дык можна папытацца, дзе яна была большая ў XIV—XV стагодзьдзях — на Беларусі, з ейнымі жывымі і сьвежымі традыцыямі з Візантыі, ці ў сярэднявечнай тагачаснай Польшчы?.. Які настрой доўга яшчэ вітае сярод сполёнізаваных сфэраў шляхоцкіх — бачым яшчэ ў Міцкевіча, прарока новае польскае эры, у сказе: „Літва, зямелька родная“…
Прыходзіць падзел Польшчы. Дзеля вышэй прыведзеных прычынаў, зразумела, што гэны мамэнт не закрануў глыбей масаў беларускіх. Астаюцца яны чужыя на лёзунгі інтэлігенцыі