Перайсці да зместу

Старонка:З зацемак аб характары Беларусаў (1935).pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пасколькі. Сяньня маем ужо навучны грунт дзеля разуменьня гэнага кансэрватызму.

Беларусы, як адзінка дзяржаўная, выступаюць на арэну гістарычную даволі позна, хаця не пазьней, як іншыя славянскія пляменьні, асабліва славяне ўсходняе групы. Пляменьні, з якіх аканчальна вырас народ беларускі, значыцца Крывічы, Радзімічы, Дрыгавічы і Севяране, былі параськіданы сярод балотаў і лясоў, дык ня мелі быццам на першы пагляд ніякіх граніцаў і мелі яны іх адначасна ў гэных самых лясох і балотах, якія баранілі іх ад усялякіх навінак, што маглі лучыць з далёкага сьвету. Гэныя ўмовы геаграфічныя пакінулі, зразумела, сьледамкі на псыхіцы людзей. Тутака крыніца неспагаднасьці ўсяму новаму, неспагаднасьці хутчэй пасыўнае, дзеля таго, што ў гісторыі нашай нідзе не наглядаем больш яркага пратэсту. Гэта між іншым пакінула свае сьледамкі на ўсім, што толькі бачым у Беларусаў: у распарадкаваньні жыцьця ўнутранага і арганізацыі вонкавае, ці ў сэнсе рэакцыі на небясьпеку (вайна абаронная) ці імкненьня да карысьці (прыкладам вайна зачэпная).

Каб добра ацаніць павагу гэнага зьявішча, трэба ўмець глянуць на сваю гісторыю так, як яна была ў сапраўднасьці, трэба мець свае „акуляры“, каб добра бачыць. Мы лішне часта глядзімо вачыма дасьледчыкаў ці афіцыяльных гісторыкаў расейскіх ці польскіх. Возьмем прыкладам факт, як трэба ацаніць слабасьць дзяржаўную чыста беларускіх твораў з пары полацкае? Ці гэта была няўмеласьць арганізавацца самым? Чаму-ж тады гэныя самыя князі ў пару літоўска-беларускую нашае гісторыі ўмеюць гэтак складна і вясьці войны і будаваць шырока культуру ў галіне правадаўства і пісьменства? Адказ на гэта знаходзім уявіўшы сабе, што маса беларуская заўсёды ўмела вясьці сваё арганізацыйнае ўнутранае жыцьцё. Сям’я, вёска, грамада (як найніжэйшая адзінка адміністрацыйна-самаўрадавая) стаялі заўсёды надта высока і новыя ўмовы з мамэнтам новага правапарадку пасьля скасаваньня паншчыны зноў выявілі, што лепш як дзе ў іншым месцы Расейскае Імпэрыі — этнаграфічная Беларусь умела правясьці распарадкаваньне валасное гаспадаркі.

Гэны вось антымілітарызм побач традыцыяналізму, як мы сяньня казалі-б, паясьняе нам тую эпоху сужыцьця ў камплексе Літоўска-Беларускае гаспадарсьцьвенасьці. Літоўскія князі сарганізавалі гэны новы дзяржаўны камплекс. Адначасна бачым мы крыху нечаканае зьявішча. Ліцьвіны заваявалі бяскроўна Беларусь, а Беларусы, быццам падняволеныя, пачынаюць кіраваць гэнаю дзяржаваю. Паясьніць гэта нехта хацеў-бы вышынёю культуры тагачаснае Беларусі і ніжэйшым роўням яе на Літве. Але ці гэтакі адказ можа нас поўнасьцю задаволіць? Некаторыя падзеі сучаснасьці, якія адбываюцца на нашых вачох, паказуюць, што незаўсёды вышэйшая культура перамагае ў жыцьці. Ня буду паклікацца на праслаўлены ўжо сказ аднаго з польскіх прэм’ер-міністраў аб ліквідацыі беларускага пытаньня ў працягу