З зацемак аб тэатры
Роля тэатру вельмі важная ў жыцьці чалавека і народаў. Ёсьць некаторыя, што кажуць, быццам само жыцьцё гэта бязконцы, значыцца ад пачатку існаваньня чалавека да ягонага канца, тэатр.
Ці правільна гэта ці не спрачацца ня будзем, адцемлюючы толькі, што бязумоўна значэньне і роля тэатру вельмі важная і гэта выявілася ў надта далёкай ужо мінуўшчыне, калі ледзь-ледзь чалавек пачаў арганізаваць першую грамаду, калі сышлося некалькі чалавек, каб супольна бараніцца перад зьвяром ці перад благім чалавекам. Дык усюды, дзе ёсьць грамадзкае жыцьцё, усюды ёсьць і тэатр.
Незаўсёды завем тэатральнае запраўдным імем — значыцца тэатрам. Возьмем народныя абрады, возьмем хрэсьбіны, возьмем хаўтуры, успамянем задушкі, дзядоў, ці возьмем вясельныя, жніўныя ці іншыя абрады — усюды ў іх мы знойдзем магутныя доказы тэатральнага інстынкту паміж Беларусамі. Гэта ведама, свомасьць шмат шырэйшая і не абмяжоўваецца выключна Беларусамі і тэрыторыяю Беларусі. Аб тэатры чуем у надта далёкай мінуўшчыне, да сяньня яшчэ глядзельнікі захопліваюцца трагэдыямі старых Грэкаў, столькі ў іх зьместу багатага, агульна чалавецкага.
Тэатр — патрэба натуральная і вельмі важная ў жыцьці грамадаў людзей. Тэатр ня толькі мілая гульня, гэта магутны нахіл адзінкі ўявіць праўду, абычаі, спасьцярогі пры помачы канкрэтных абразоў. Бяз помачы гэных пачуцьцёў, якія выклікае тэатр, няпрывыкшаму да абстрактнага думаньня некаторыя паймы астаюцца чужымі, ён ня можа ўявіць сабе іх зусім.
Дзеля гэтага наглядаем ува ўсіх культах рэлігійных гэткі развой тэатральнасьці. Духоўнікі, людзі пакліканыя, каб некаторыя праўды паказываць, распаўсюджываць, былі прымушаныя дэманстраваць Найвышэйшую Істоту абразна, каб думаючы аб Ёй было лягчэй уявіць, каб гэная Істота была нечым, каб гэта ня быў толькі адзін парожні гук.
Адначасна тэатральнасьць мае іншыя жаролы ў чалавеку. Кожны чалавек мае свае думкі, настроі, кожны імкнецца па меры магчымасьці падзяліцца з імі са сваім асяродзішчам; выказываючы свае, яшчэ мо‘ ня зусім уяўленыя думкі, чалавек пачынае лепш бачыць іх у сабе. Толькі вось ня ўсенька можна выказаць словам. Іншым разам аж нешта сьціскае пад сэрцам, а ня ведаеш, што яно там сапраўды, нечага чалавек хоча, за нечым тужыць, аб нечым лятуціць. Гэта ведае кожны, адзін больш, другі менш, аднак гэта свомасьць надта характэрная