Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДРАВАСЕК

Я сякеру вазьму,
Натачу, навастру,
І пайду у сыр-бор
На зарніцу-зару.

Буду лысіць сыр-бор,
Пойдзе грук, пойдзе стук.
Стары лес задрыжыць
Ад магутных ад рук.

Я пілой павяду
І туды і сюды —
Буду пляжыць гніццё
За вякі, за гады.

І закрэхча, як дзед,
Нездаровы сасняк,
І застанецца жыць
Толькі гай-маладняк.

Пачну песціць яго,
Як дзіцё, гадаваць.
Будуць птушкі у ім
Вечна песні спяваць.