Па-над гаем, па-над лесам
Тучы-хмары хтось павесіў.
Плачуць хмары, сыплюць слёзы
На рабіны, на бярозы.
А па шчэці зжатай нівы
Бура чэша сваю грыву,
І качаецца па лужах,
Муціць рэчку, кругі кружыць,
Галаву хваіны-маці,
Як шалёную, калмаціць.
Медзяныя кудры клёнаў
Пазурамі рве і стогне.
І бярэцца ў дужкі з дубам,
І скрыпіць жалезным зубам.
Восень смутна ходзіць-бродзіць
Па вільготным агародзе.
Пераходзіць праз парканы,
Туліць вочы у туманы.
У хмызняк зірне з журбою,
Кашляне па ім крывёю.
А з нябёсных шэрых вокнаў
Дожджык ніткамі-валокнай
Сыпле, падае на стрэхі,
Па саломе б‘е арэхі.
|