І вось як тлумачыў сон князя:
— Вешчы твой сон, наш саколе,
Ад мілосных багоў светлым знакам ідзе.
Сцеражыся жалеза.
Шануй, ясна сонца, жалеза.
У моцных руках шчыр-адданых ваяк
Жалеза табе паратунак,
Больш зброі жалезнае зброі!
Толькі, князе, глядзі, каб па хатах па тых,
Што, як гнёзды, растуць каля рэчкі,
Не было ні мячоў, ні нажоў ані-ні,
Не было ні кавалку жалеза…
А то раб, а то хам
Бунтавацца пачне.
Я сказаў…
І больш гаварыць мне нязручна.
................
Трэці жрэц
Юнаком быў з агнём у вачах, —
Хоць агонь той схаваць ён стараўся, —
Сон князя тлумачыў:
— Вешчы твой сон.
Ён — прароцтва нябёснае сілы,
У вякоў аддаленні, што ўзыйдуць сюды,
Возьме верх над залотам жалеза,
І апыніцца чорны метал у руках
Тых людзей… тых рабоў… ля Віллі…
І тады…
— Годзе! — крыкнуў вой-князь
І радасць і гнеў
Пад грознай брывой яго
Гаслі-гарэлі,
Гарэлі і гаслі.
................
Збудаваў Гедымін на высокай гары
Аж да хмар камяніцу-замчышча,
Пад замчышчам — скляпы.
Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/349
Выгляд
Гэта старонка не была вычытаная
