Пакідаюць для пакут
І бацькоў і родны кут“.
Вочы хусткай трэ старая.
Вось дзядок вярнуўся з гая.
На гасця ён лып вачыма.
„… Ці знаёмы? Немагчыма…
То здалося мне няйначай.
Мабыць вока кепска бачыць:
Госцік мае падабенства
Да Ягоркі, што з маленства
Ў свет пайшоў…“ І незвычайны
Госць стрымаўся… Ледзь змаўчаў ён…
Азірнуўся на бакі.
„… Будуць заўтра знаць бацькі…“
На акенцы сонца згасла,
Лічыць грошы госць тым часам:
Робіць гэта ён наўмысне —
То зазвоніць, то заблысне.
Дзед на цуд сюды прызваны,
Дзед глядзіць зачараваны.
Грошай звон — у сэрцы гранне.
Грошай бліск — у сэрцы ззянне.
Эх, на старыя на леты,
Кабы меў я грошы гэты!..“
У вачах злы аганёк.
Вострым локцем — жонку ў бок.
Думкі — ночныя зладзеі, —
Думкі — чэрці-ліхадзеі —
У глузды старога дзеда
Лезлі новым цёмным следам.
З гэтай справы ды ці мала
Людзей згінула, прапала.
Як зазвоняць звонам грошы,
Як захмеліць хмельны коўшык,
Як пачнуць сваё ігрышча, —
Пападзеш у іх багнішча.