Ці спазнаюць хоць бацькі?
Не скажу ім хто такі…“
„Пэўна, вочы ў іх — не вочы,
Будуць радасці удвойчы.
Аж хваліцца пачне тата:
Жарты — сын такі багаты
А матуля па суседках
Будзе баіць нават дзеткам,
Што Ягорка сын удалы,
Назапасіў ён нямала.
І гаворкі-пагалоскі
Рэхам пойдуць з вёскі ў вёску.
Я пазваць гасцей рашыў,
Пачастую ад душы“.
Вось і хатка… Сціхні сэрца…
Адчыняе з рыпам дзверцы…
Іншы голас, асцярожны:
„Пераспаць у вас тут можна?“
„Мы людзей не выганяем.
Чым мы можам, тым прымаем!“ —
Чуе голас ён старэчы,
Голас маткі, — „толькі нечым
Частаваці. Пуставата,
Кажу шчыра, наша хата“.
„Ты адна, ці ёсць дзядок?“
„Вышаў толькі што ў лясок“.
Лезе ў сэрца голас маці,
Захацеў сын абыймаці
Пры такой яе гамонцы
І сказаць: матуля… сонца…
Я так рады і шчаслівы,
Што вы цэлы, што вы жывы…
Але — не! Цяпер не варта,
Пачакаю лепш да заўтра.
Пагляджу вось як жылі тут,
Гаспадарку як вялі тут.