Іх кідалі вунь — дзе ельнік.
Страшна Янку — ў лесе цені
І галін сухіх трымценне,
І хваёвая гамонка.
На ратунак раптам слонка —
Як заззяе, як зайграе…
Вось і рэчка залатая.
Страх забыты, бы ніколі
Не было яго на полі.
Так мільгаюць матылькамі
Ў Ясных крушнях дні за днямі.
V
Не калінка гнецца ў гаі,
Не сарока байкі бае, —
Дабрадзейкі, бабкі, цёткі
Носяць-сеюць байкі-плёткі:
Удавіца бесу-чорту,
Злому, гідаснаму хорту
Прадала душу святую,
Залатую, маладую;
Аддала ў фальварак сына, —
Ён у лапы пекла рынуў.
Ой, бажніц няма ў фальварку;
Праца йдзе, як па загарку;
Няма сварак, няма спрэчак,
Няма востранькіх славечак.
Там не моляцца ніколі
Ці то ў хаце, ці на полі.
Там з папа смяюцца людзі,
Хай-жа лепш такіх не будзе!
Там праз меру ўсе лагодны,
Так не бачыў з нас ніводны.
Гэта кепская прымета:
Злы, страшны антыхрыст гэта
Цягне у пастку ачмурэлых,
Ашалелых, адурэлых.