Мора блакітнасць абвіта паўночнай жалобай.
Туліцца вецер, як злодзей, між замчышчаў-скал.
Цемра плыве па абрывах, аб камень б‘е лобам,
Вые, галосіць, ў аддалі, шалёны шакал.
Ціш заблудзілася ў крыках, заслеплены зрокі,
Капаюць хвілі, бы кроплі, бы рой камароў.
Ноч непрагляднасці поўна, як буйвала вока,
Шыры і высь затапіла цямрыстая кроў.
Шолахі, шумы і крыкі — дзе сонца патухла.
Там, дзе палала зарніца — і попел і пыл.
Носяцца тысячы гукаў, лунаюць, як птухі:
Ноч несупынна іграе — музыка сляпы.
Князь з сваёй бандай спыніўся на гвалт водаспаду,
Самотным сябе адчувае пад дзікім кустом:
Выраслі ў міг забабоны заснуўшай Элады.
Драпае нешта за сэрца — не ведае што…
Эй, каб хутчэй да аула, хутчэй к прыбярэжжу! —
Лезе ў голаву думка — навостраны нож;
— Хлопцы, хутчэй да аула! Усіх перарэжам!
— Хлопцы! Давай папрацуем ў апошнюю ноч!
|