Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/222

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А валы, нібы маманты мора,
Плечы ўзнімуць на многа сажэняў;
Як асілак хватае замору,
Вецер прыткі сажме іх у жмені.

Стукне-грукне, працэдзіць праз пальцы
І разбрызне у брызгаўкі сталі.
Сам заскача разгневаным вальсам
У пагрозным смяротным паўстанні.

Тры чаўны будуць з бурай змагацца,
І Норд-Ост іх не здужае-смелых.
Ім-жа мора, бы родная маці —
Перамогуць і выйдуць на бераг.

III

Сягоння выў прыбой, бы стада злосных псоў,
Слюнявіў берагі, пляваўся сівай слінай.
Жар-сонца ў вышыні стаяла калясом,
Мігцела па вадзе чырвонаю тканінай.

Бялявы парус млеў — распушчаны фартух.
То нутлае судно качалася па хвалі,
Скакала, нібы конь, і кідалася ў пух,
Спяшалася у сінь — ці звалі, ці не звалі.

А мора — мірг і мірг, сявала ўспышкі ў даль,
Запісвала свой шум разлівамі калёраў.
А дзе-нідзе дэльфін дзіравіў спіны хваль:
У сховы спрытна граў на гойдаўках у моры.

І цвёрда руль трымаў мой друг, Мамэт-Алі,
Ён на мяне глядзеў з таемнаю усмешкай.
Мы з бухтавай дугі плылі, плылі, плылі
Бруштынавым пуцём, невытаптанай сцежкай.

Гагры, 18/II 1926 г.

|}