І пайшлі скакаць прасторы ў моры
З дна паднялася капэля.
Шэпт. Мяцеж. Згаворы. Адгаворы —
Ап‘янелі ў дзікім хмелі.
І шкляныя плюхнуліся птухі,
Зазванілі на шмат міляў,
І сышліся разам завірухі,
Стала сіла супроць сілы.
З грукам-стукам горы, касагоры
На дно мора вецер скіне.
Хвалі ўзваляць ім на карак хорам,
Хорам сіні для дэльфінаў.
Хваля хвалю абмывала, грала,
Адганяла, даганяла.
Дуба ў згубу заскакала ўдала,
Бухам бухнулася у скалы.
Нібы ў бубен забубнілі, білі
Ў гонг скалісты, адгалосны.
Адбівалі тахты хваля ў хвалю,
Бурасвісты былі злосны.
І вятры глушылі бурным хорам
Бераг, хвалямі абліты.
І не ўпалі горы, касагоры —
Не паддаўся шчыт гранітны.
II
Гэй, рыхтуйцеся, чайкі, гагары!
Вецер востры вам крыллі навострыць.
Вас закружыць у сівым пажары
Гучна-гнеўныя сілы Норд-Оста.
На чаўне хтосьці крыкне „ратуйце!“
Пойдзе лямант па зыбістай гаці.
Па шалёнай, па хвалістай муці
Два чаўны паімчаць ратаваці.