крыўдай тварам выйшаў ён у калідор і закурыў папіроску. Выняў люстэрка і — анямеў. Брыдота-ж я, брыдота! Такім вялікім і нялюдзкім паказаўся яму нос, а вочы былі нейкія дурныя, як вылітыя з волава. Сьцёпа балюча скрывіўся і чуць не заплакаў. Але стрымаўся. Увайшоў яшчэ ў салю. Убачыў яе. Яна танцавала з студэнтамі і сумысьля не глядзела на яго. Нялоўка круціў Сьцёпа ў руках капялюш, якім хацеў выклікаць у яе спачуцьцё. Ён — выходзіць! Ён — пакрыўджаны. Можа падыйдзе. Будзе прасіць астацца. Скажа пару цёплых слоў, што яго сагрэюць, асьмеляць… Не дачакаўся. Выйшаў і пабрыў па заглохшых вуліцах. Ішоў і ішоў; пахла зеленьню… Не заўважыў, як забрыў дзесь у глухое прадмесьце. Стаў ля разваленага плоту, абапёрся, а пасьля глуха ўпаў на зямлю і прарваўся ціхім плачам.
— Паскуда, паскуда… — шаптаў ён праз плач. Твар яго ад плачу напух. На сэрцы зрабілася неяк лягчэй. І думкі пасьвятлелі. Ужо толькі ўсхліпваў.
А пасьля чамусьці падумаў: — Але зямля яшчэ сырая, можна прастудзіцца.
Паволі падняўся і пайшоў разважным шагам да хаты.
Назаўтра ён слухаў з ёй радыё і яе валасы, адліву сьпелага жыта, прыемна казыталі яго шчокі.