Перайсці да зместу

Старонка:Зацемкі аб повесьці Вінцука Адважнага «Хлапец» (1936).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

больш старанны, як здольны і што заўсёды астаецца дзіцём, міма крыху ранейшага, як у равесьнікаў, развою, што ўзноў не належа да так рэдкіх зьявішчаў, калі справа ідзе аб адзінага сына, які, зразумелая рэч, больш прабывае з маткай ці бацькам, як з таварышамі гульняў.

Фабула сусім няцікавая — кажа адзін крытык. Вось-жа знаў я і знаю людзей, якія не маглі дачытаць да канца „Боскай Камэдыі“ Дантэ, або адзначаных нагародай Нобля „Chłopów“ Рэймонта. Гэтак адноснымі ёсьць паняцьці: цікавае і няцікавае. Калі-ж ідзець аб повесьць, дык сапраўды, ці ня болш у ей знача як (id quo), чымся што (id quod). Праціўны для вока і смуродлівы сьметнік можа аднак быць адмаляваны на палатне памазком геніяльнага маляра сапраўды памастацку і малюнак гэны будзе творам мастацкім. З повесьцяй бывае так, як з прамовай, у якой аб уражаньні рашае — паводле нямецкага рэцепту: Vortrag, Vortrag і яшчэ раз — Vortrag, што знача — спосаб, як яна была сказана. Ведама, вялікі пісьменьніцкі талент патрапіўбы фабулу „Хлапца“ змаляваць без параўнаньня больш памастацку, выкарыстаўшы ўсе, якія ў ей знаходзяцца, — Адважным-жа прапушчаныя — магчымасьці, збудаваўбы повесьць лепш архітэктонічна, стварыўбы плястычнейшую галерыю тыпаў, даўбы повесьці больш жывую і цікавую акцыю, цікавейшыя дыалёгі, далікатнейшыя паглыбленьні псыхолёгічныя, больш колерныя апісаньні прыроды і стараннейшую мову. Наш-жа Адважны толькі яшчэ дэбютуе ў повесьці, стаўляе першыя крокі, ня маючы бадай ніякіх родных папярэднікаў і ўзораў. І расейская літаратура мела раней Ламаносавых, а толькі пасьля Пушкіна. Няхай-бы хто з крытыкаў повесьці „Хлапца“ папрабаваў выступіць з уласнай, дык і яго праца была-б толькі пэўным этапам на дарозе натугаў, спробаў і нічым больш. Ніякаму народу лёгка ня прыходзяць яго шэдэўры. Патрэба доўгай, нарастаючай працы і да таго многіх калейна людзей.

А ці-ж вінаваціць нам Адважнага за тое, што ён у сваю повесьць увёў элемэнт нацыянальны і рэлігійны? Не забывайма, што ўся акцыя адбываецца ў першых гадох XX ст., калі ўжо ў нас бруняў беларускі рух, а рэлігія нашага сяла мела характар патрыархальны, дык як-жа мог-бы аўтар усё гэта ў повесьці памінуць, якой акцыя адбываецца выключна на сяле, ці — што тады было сусім тое самае — ў малым беларускім мястэчку? Ці мог маўчаць аб уніятах і аб іх падзеях? Нават камуністычны пісьменьнік ня могбы ў такой прадваеннай повесьці замаўчаць аб гэтым. А калі Адважны сусім не падаў у сваей повесьці колёрыту нацыянальнага, дык узноў спаткаў-бы яго закід з нацыяналістычнага лагеру, што не дацэньвае важнасьці гэтай праблемы, пашырае ў гэтай справе роўнадушнасьць або й проста нейкі рымскі космополітызм.

Нуднага маралізатарства ў аўтара повесьці бадай сусім няма, з выняткам таго выпадку, калі ён няміласэрна заўзяўся на курцоў.