Пётра Сяргіевіч — гэта бязумоўны талент. Ведае аб гэтым ён сам і працуе, не пакладаючы рук, каб гэнага таленту не змарнаваць, ведае аб гэтым і беларускае грамадзянства, якое так часта з ягонага таленту карыстаецца для розных культурных мэтаў, ведае аб гэтым і іншае віленскае грамадзянства, якое сьлядзіць за культурным жыцьцём Вільні.
Шырэй даўся грамадзянству П. С. пазнацца, бяручы ўчасьце выстаўках „Związku Niezależnych Artystów-Malarzy“ ў Вільні (1933-34), у выстаўцы таго-ж „Związku“ й „Zachęcie“ ў Варшаве (1933) і ўрэшце ў самастойнай выстаўцы сёлета ў Вільні, з нагоды якой і пішам гэтыя зацемкі.
Гэтая выстаўка — першая самастойная — звалася выстаўкай рысункаў і малярства. Вдбывалася яна ад 26.XII.35 да 8.I.1936; у памешканьні школы Т-ва Артыстаў Плястыкаў (Міцкевіча 7).
На выстаўцы было да сотні экспонатаў. З іх пераважалі працы алейныя і значны лік рысункаў, робленых сангвінай і вуглём. Тэматыка, форма і мастацкія спосабы творства П. С. рознародныя. Ёсьць композыцыі, партрэты, пэйзажы, студыі галоў і інш. У працах сваіх мастак наш прадстаўляе быт беларускага народу, малюе беларускую прыроду, а такжа адтварае беларускую мінуўшчыну, даючы абразы гістарычнага зьместу. З композыцыяў перадусім кідаюцца ў вочы вялікіх разьмераў абраз „Вясьляр“, які адважна, з сілай і разгонам, плыве праз усхваляваныя воды, надзейна імкнучыся да берагу, а такжа абраз „Артай“, які, наперакор няспрыяючым стыхіям прыроды, гоніць баразну за баразной, перакананы, што працай усё пераможа, вялікіх спраў даканае.
З абразоў, што малюе беларускі быт, заслужваюць на ўвагу „Калыска“, „Залёты“, „Сялянскае падворышча“ і інш.
Абразом гістарычнага зьместу, узорам эпіцкага творства, вобак з „Усеславам“ зьяўляецца „Каліноўскі“, абраз разьмерамі найбольшы за ўсе іншыя, яшчэ крыху нявыканчаны. — Лес. Грамада сялян. Пасярэдзіне К. Каліноўскі — у сьвітцы, малады, энэргічны, з агнем у вачах прамаўляе аб патрэбе барацьбы з царом. Гледзячы на гэты абраз, здаецца чуеш, як слаўны „Дыктатар Літвы“ ў беларускай мове граміць царскую тыранію над Краем, заклікае сялян да барацьбы за зямлю й волю, як прадстаўляе сьветлы ідэал незалежнасьці „Вялікага Літоўскага Княства“, у якім усе народы будуць вольныя, шчасьлівыя, у якім панаваць будзе праўда і справядлівасьць.
Творчыя магчымасьці П. С. дужа шырокія. Прабуе ён свайго памазка і алоўка так-жа й у галіне малярства рэлігійнага. І на гэтай ніве ён можа ўжо шмат чым пахваліцца. У касьцеле ў Солах, Ашмянскага павету, мастак наш намаляваў 34 вялікія абразы, а так-жа цэлы рад абразоў і фігур у прэзбітэрыі і ў сярэдняй наве касьцёлу ў мястэчку Корац, Роўненскага павету, на Валыні.