Старонка:Заручыны Паўлінкі.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПРАНЦІСЬ. Шапка мая знайшлася. Я думаў, што яе сьвіснуў гэты ваш Адольф Быкоўскі, а яна вось-цо-да ў салому шэльма закапалася, пане добрудзею...

СЬЦЯПАН. Чаму-ж гэта, сват, кажаш: "ваш" Адольф Быкоўскі? Такі ён наш, які і ваш каханенькі-родненькі, каб яго трасца змурдавала!

ПРАНЦІСЬ. Глупства, пане добрудзею... вось-цо-да. Не да маей ён дачкі падлабуніваўся, але да тваей.

АГАТА. Дык ты-ж, трухлявая калода, не аб тым пачаў... То ён аб шапцы, то ён тудэма-сюдэма, а самае важнае забыўся: пана Быкоўскага арыштавалі!

УСЕ (зьдзіўленые). А!.. За што?!

АГАТА. Кажуць, што падпісваў нейкі вэксаль і, памыліўшыся, тудэма-сюдэма, замест свайго прозьвішча чужое падпісаў.

СЬЦЯПАН. А! бач яго! такі разумны здаваўся, а вось як памыліўся, каханенькі-родненькі!

АЛЬЖБЕТА. І за гэтакую памылку чалавека арыштавалі!.. Вось за якое глупства цяпер можна папасьці ў вастрог.

ПРАНЦІСЬ. Але, свацейка, глупства, пане добрудзею... Вы не маркоцьцеся. Спраўнік казаў, што яго хутка выпусьцяць.