Старонка:Заручыны Паўлінкі.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ЯКІМ. Паслухайце толькі мяне, пане Сьцяпане!..

СЬЦЯПАН. Вон! — і чуць цябе не хачу, каханенькі родненькі, падла ты гэтакі!..

ЯКІМ. Адзін, апошні раз паслухайце толькі мяне — і даю вам слова, што больш ніколі не пераступлю парогу вашай хаты.

СЬЦЯПАН. Вон, кажу табе, пакуль я добры!

АЛЬЖБЕТА (супакайвае мужа, цягне яго да лавы і содзіць). Паслухай-жа чалавека, калі хоча табе сказаць нешта…

ЯКІМ. Пане Сьцяпане! Крыўду вялікую мне робіце, паночку! Я вам зла ніколі ніякага не зрабіў…

СЬЦЯПАН (бармоча з іроніяй пад нос). Зла ніякага не зрабіў!.. Гм…

ЯКІМ. Але! Ніякага вам зла не зрабіў, — наадварот, заўсёды паважаў вас і любіў, як роднага бацьку. Любіў вас дзеля таго, што палюбіў вашу дачку ўсей душой, так як ніколі яшчэ не любіў і нікога ўжо больш так любіць ня буду… Паўліна таксама любіць мяне…

СЬЦЯПАН. Пабачым! Я ей гэтае каханьне выбью з галавы!..