Старонка:Заручыны Паўлінкі.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

браць, а раней паспытаемся дабіцца згоды бацькоў тваіх. Я цяпер бачу, што раней бацька твой меў на мэце пана Быкоўскага, але цяпер, калі ўжо гэта кончылася, можа і Якім Сарока будзе да спадобы. Ды апроч таго ў сэрцы маім гэтулькі каханьня, у душы гэтулькі радасьці і надзеі, што як толькі пабачу яго, дык, здаецца, адразу пераканаю. Ды няўжож татка твой камень, а не чалавек! Няўжож ён ня ўцяміць таго, што толькі там шчасьце, дзе ёсьць каханьне, а хто-ж будзе мацней кахаць цябе, чымсь я?

ПАУЛІНКА. Мамка ўжо перайшла на наш бок і стараецца ўгаманіць татку.

ЯКІМ. Ну, вось бачыш, зязюлечка! мамка ўжо за нас. Я веру, што і бацька хутка зьмягчэе! Ну, а калі не, дык тады пойдзем ужо да шлюбу насупроць яго волі. Калі ён шчасьця даць нам ні хоча, самі сабе яго здабудзем і зробім так, як учора абмазгавалі. Добра, Паўліначка? ты згодна?

ПАУЛІНКА. Добра

ЯКІМ. О, мая ты харошая, добрая, залаценькая!.. (цалуюцца).

Зьява 9.

Тыя-ж і Сьцяпан з Альжбетай.

СЬЦЯПАН (уваходзіць з бакоўкі, за ім Альжбета). А гэта што, каханенкі-родненькі! Хочаш мусі, каб я цябе кіём па патыліцы змазаў, гіцэль ты гэтакі каханенькі! Хто пазволіў табе пераступіць парог маей хаты дый яшчэ тут цалавацца з Паўлінкай! Вон з мае хаты і каб духу твайго тут не было!