Старонка:Заручыны Паўлінкі.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была правераная


ПАУЛІНКА. А гэтак шчасьце? Чакаць таткаўскай згоды, а бачыць толькі таткаўскія фанабэрыі? Тужыць за мілым, а скакаць нейкія выкрутася з панам Быкоўскім? Я ўцяку, далібог, уцяку, а калі ня ўцяку, дык павешуся! (плача).

АЛЬЖБЕТА. Ну, ціха, дзетанька, ня плач, Бог дасьць усё добра будзе, бацька адпусьціцца, ня плач. Вось пачакай, я пайду яшчэ з ім пагутару. (выходзіць са сьлязой на вачох у бакоўку).

Зьява 7.

ПАУЛІНКА (пяе).

Год трэці ўжо дарэмна, ах,
Чакаем шчасьця мы свайго,
Душу няраз агорне страх:
Ці дачакаемся яго.

А татка упіраецца,
Каб за Якіма я ішла,
Бо хоча зяця паніча, —
Во чыста далібог бяда!

Далей так жыць ня маю сіл,
Ня маю сіл зцішыць тугу, —
Пайду за тым, хто мне так міл
І з роднай хаты уцяку.

.

Зьява 8.

Паўлінка і Якім.

ЯКІМ (пры апошніх словах песьні паяўляецца на парозе. Ен ціха падыходзіць да Паўлінкі і абыймае яе). Вось і я — як тут быў!