Старонка:Заручыны Паўлінкі.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АЛЬЖБЕТА (паказваючы пальцам на бакоўку, што там ёсьць бацька). Ціха!

ПАУЛІНКА (радасным шоптам). Мамка! Ен пісаў пісульку да брата Адэлькі!.. Але вось бяда: цяпер усе ўжо ведаюць і будуць сьмяюцца з мяне з прычыны здарэньня з гэтым панам Быкоўскім. Як даведаецца аб гэтым Якімка, дык яшчэ падумае, што і ўзапраўды нешта было ў мяне з гэтым зломкам! А гэта ўсё бацька вінаваты! (плача). Каб ня бацька, дык-бы й не было гэтага сораму...

АЛЬЖБЕТА. Супакойся, Паўлінка! Я ўжо тут з ім гутарыла...

ПАУЛІНКА (зацікавіўшыся). Ну, а татка што?

АЛЬЖБЕТА (уздыхнуўшы). Эх, і слухаць ня хоча. Я яго і так, і сяк... Не, кажа, і не! Я яму лоб, кажа, гаду расшэплю — вось! Але нічога, дзетанька, трэба пацярпець, пачакаць, мо’ бацька і адпусьціцца.

ПАУЛІНКА. Мамка! Трэці год мы кахаемся, трэці год мы чакаем тэй часіны, калі татка адпусьціцца і хіба ўжо гэтак усё жыцьцё перэчакаем!.. Калі татка ня згодзіцца, дык я даўжэй ужо чакаць ня буду: уцяку з роднай хаты без таткаўскага багаславенства, хай будзе як будзе!

АЛЬЖБЕТА. Што ты! што ты! Як жаж гэтак без багаславенства! Бог шчасьця не пашле.