Старонка:Заручыны Паўлінкі.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

што? Ен-ж згніе ў турме за свае афішкі ды забастоўкі!

АЛЬЖБЕТА. Кажуць, што хутка ўжо на волю выйдзе.

СЬЦЯПАН. А хай ён прападзе і адчапіся ад маей галавы. Не хачу я навет знацца з гэтакім катаржнікам, хай ён на першай асіне павесіцца!

АЛЬЖБЕТА. Быў жа час, калі ты інакш казаў і навет любіў гэтага мальца.

СЬЦЯПАН. Каб ня гэтыя афішкі ды розныя фармазонскія кніжкі, дык нічога, хлапец быў да рэчы… Але наконта таго, каб аддаць яму Паўлінку, дык і слухаць не хачу! Не для пса кілбаса! Не аддам я сваю дачку за мужыка, хаця ён навет вучоны вучыцель. Усе мы былі шляхоцкага роду і з мужыкамі радні не завадзілі. Бацька мой, сьвяты супакой яго душачцы, Калістрат Крыніцкі, у дамавіне сваей перавернецца, калі даведаецца, што яго ўнучка выйшла замуж за Якіма Сароку, каханенькая родненькая! І больш, каб я аб гэтым сьвінапасе ў сваей хаце ня чуў ніякай гутаркі, бо табе кудлы ўсе вырву, а яму лоб расшэплю! (выходзіць у бакоўку).

Зьява 6.

Альжбета (адна), пасьля Паўлінка.

АЛЬЖБЕТА. Эх, ты гнілая качарэжка! „Адзін лапаць, другі бот, а я шляхціц далібог“… Вось набраўся фанабэрыі — на сьмех людзём дый толькі!

ПАУЛІНКА (убегае). Мамачка! родненькая! Якімка сягоньня будзе ўжо на волі!