Старонка:Заручыны Паўлінкі.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дэлікатнасьцяй і ўсё такое»... Вось маеш цяпер «усё такое!». Нарабіў сораму ня толькі роднай дачцы, а і сваім сівым валасом... Вось! вось! царапай цяпер кіпцям у люльцы, бо, ведама, сорамна пасьля ўсяго гэтага глянуць людзём у вочы.

СЬЦЯПАН. Дык ты, баба, не мялі языком, каханенькая, родненькая! Языком дзела не паправіш, а толькі горэй зробіш. Язык ня цэп: няхай ціханька сядзіць за зубамі і дарэмна не балтаецца.

АЛЬЖБЕТА. Дык-жаж ня мы адны тут былі. Ці-ж ты забыўся, што ўвесь гэты наш сорам бачылі і Пустарэвічы. Ен-жа — Пранцісь Пустарэвіч — і злавіў за вакном у садзе гэтага гіцля, каб яму пуста было! Ім ты ня скажаш трымаць язык за зубамі. Хутка ўся ваколіца будзе ведаць і нельга будзе людзём ад сораму вочы паказаць...

СЬЦЯПАН. Але... Няма што казаць — справа дрэнная...

АЛЬЖБЕТА. Каб ты згодзіўся, дык можна было-б паправіць.

СЬЦЯПАН. Як?.. Ня хачу я бачыць гэтага падлу!.. Я яму тут затанцую такую падзікварту ажно яму падзіспаць захочацца...

АЛЬЖБЕТА. Ды ты аб кім? Я-ж не аб ім.

СЬЦЯПАН. А аб кім?

АЛЬЖБЕТА. Аб Сароцы.

СЬЦЯПАН. Аб Сароцы? Яшчэ ляпей! Добра прыдумала, каханенькая, родненькая! Бобу баба аб’елася ці