Старонка:Заручыны Паўлінкі.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Зьява 4.

СЬЦЯПАН (уваходзіць з бакоўкі). Гэта, каханенькі-родненькі, можна сказаць дзьве дзюркі ў носе і скончылося… Вось гад які! Каровы, кажа, па сто рублёў, за каня, кажа, тры сотні даў, авечкі маю, кажа… Усё, кажа, маю: і лес маю, і сенажаць маю, жыта, кажа, нажаў коп дзьвесьце, аўса, кажа, таксама дзьвесьце, — а ў начы ў суседзяў клумкі з каморы выцягвае!.. Ух, паганец, каханенькі! Ну, калі ён яшчэ раз пападзе мне пад руку, дык ён тут гэткага манчыза затанцуе, што ня рад будзе, што радзіўся на сьвет Божы!

(Сядае і курыць люльку).

Праўда, што чалавек ён ня просты: у чорным сурдуце ходзіць і на ўсе штукі майстар — і да танца, і да ражанца, як той казаў — ну, ведама, адным словам, чалавек шляхоцкага роду. Але што-ж з гэтага, калі ашуканец і злодзей, каханенькі-родненькі!


Зьява 5.

Сьцяпан і Альжбета.

АЛЬЖБЕТА (уваходзіць). Паўлінка!.. Гдзе-ж Паўлінка! Мусіць пайшла кароў падаіць. (Пабачыўшы Сьцяпана, затрымалася, злажыла рукі на грудзёх і глядзіць на яго).

СЬЦЯПАН (зірнуўшы на жонку, апускае вочы, бо сароміцца, і царапае пальцам у люльцы быццам папраўляючы тытун).

АЛЬЖБЕТА. Ах ты, мядзьведзь дурны! Захацелася яму зяця (перадражнівае) «шляхоцкага заводу, з усякой