Старонка:Заручыны Паўлінкі.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АЛЬЖБЕТА. Э, нешта мусіць гэткае было, за што трэ' было пасадзіць у турму. Без агня дыму не бывае. Кожны з іх гэтак кажа, што хоча дабра для народу, а тут-бач-адны кажуць, што намаўляў, каб паноў выганяць, а іншые - што кажа бяз шлюбу трэба жыць! Як-жаж так: бяз шлюбу або без паноў жыць?! Гэта неяк не палюдзку.

ПАУЛІНКА. Значыць, па вашаму, мамка. пан Быкоўскі разумнейшы і лепшы за Якіма, калі хацелі мяне замуж за яго аддаць?

АЛЬЖБЕТА. Дык не!.. Ведама-ж, што пан Быкоўскі нейкі без аднэй клепкі - брахун ды ашуканец. Нагаварыў тут, нахваліўся, а ўва ўсей гэтай гутарцы, як кажуць, зярняці праўды не было... Я дык адразу спазнала, які ён чалавек, але вось бацька ўпёрся: хоча, кажа, мець зяця шляхоцкага роду. Хоць ты кол яму на галаве цяшы, нічога не памагала, покуль вось не здарылася гэтая авантура з тваімі клумкамі... Але кажы-ж, калі ласка, як-жа ён усё гэта выцягнуў з хаты? Гдзе-ж ты была? Няўжо-ж ня бачыла?

ПАУЛІНКА (засароміўшыся). Эх, мамка, не пытайцеся!

АЛЬЖБЕТА. Чаму-ж не пытацца?.. (дагадліва, дабрадушна). А, хітрая ты дзяўчына! Ты мусіць зумысьля нешта гэтак наладзіла, каб абсьмяшыць пана Быкоўскага і раззлаваць бацьку на яго... Ну, нічога! Са мной не рабі сакрэтаў. Я-ж твая маці, а ты адна ў мяне дачушка. Зла я для цябе не жадаю... Воля Боска, ўсё добра будзе... Ня сумуй!.. (выходзіць).