Апрача Жамойці і Аўкштоты ў новым гаспадарсьцьве апынулася і частка ўкраінскіх земляў. Аднак, ня трэба прадстаўляць гэтага факту, як нейкай магутнай экспансіі новага гаспадарства. Украінскія землі былі надта лёгка далучаны таму, што яны канчаткова былі зруйнаваны татарамі.
Гэткім парадкам другі пэрыёд гісторыі Беларусі пачынаецца задзіночаньнем усіх беларускіх земляў даўнеўшых воласьцяў у вадно гаспадарства. Існаваньне гэтай адзінай беларускай гаспадарсьцьвенасьці ёсьць характэрнай азнакай усяго пэрыёду. Новая форма гаспадарсьцьвенага жыцьця выклікала перамены ў сацыяльных і культурных адносінах беларускага народу, раўняючы іх паступова ўва ўсім гаспадарстве. Праз увесь час другога пэрыёду Вялікае Княства астаецца беларускім. Беларускія землі твораць вялізарную большасьць яго тэрыторыі і ў ім пануе беларуская культура й язык. Існаваньне ў новым гаспадарсьцьве жамойцінаў, аўкштоццаў, украінцаў, каторыя мелі ўсе магчымасьці апрычонага разьвіцьця, не пазбаўляе яе беларускага характару.
Частыя войны з Масквой, татарамі ды крыжакамі прымушалі Вялікае Княства шукаць саюзьнікаў. Найбольш натуральным саюзьнікам здавалася Польшча, каторай такжа пагражалі вонкавыя варагі, дый яна такжа шукала саюзьнікаў. Між гэтымі гаспадарствамі паўстаюць умовы, званыя „вуніямі“. Умовы гэтыя, часта нявыгодныя, не адбіралі Вялікаму Княству характару незалежнага гаспадарства. З польскага боку аднак можна зацеміць спробы падпарадкаваньня Вялікага Княства Польшчы. У гэтым сэнсе польскія ймкненьні знаходзяць унутры гаспадарства саюзьніка ў васобе нова-паўсталай шматлікай шляхты — беларускай, жмудзкай, украінскай, каторая, імкнучыся да здабыцьця сабе якнайшыршых прывілеяў, якія ўжо мела польская шляхта, адчыняла польскім уплывам дзьверы і першая паддавалася гэтым уплывам. Абароньнікамі самастойнасьці Вялікага Княства былі магнаты, што трымалі шляхту ў паслухмянасьці. Беларускія магнацкія роды таго часу — Сапегі, Хадкевічы, Астроскія, Валовічы, Агінскія, Радзівіллы і інш. выдалі многа шчырых патрыётаў і абароньнікаў беларускага гаспадарства і добра яму заслужыліся.
У другой палове XVI ст. сталіся факты, каторыя ўскалыхнулі фундамэнтамі гаспадарства. Накіненая прымусам Люблінская вунія 1569 г. зьяўляецца адным із гэтых важкіх фактаў. Другім гэткім фактам была берасьцейская рэлігійная вунія 1596 г., каторая мела значна вялікшае значэньне ў падарваньні беларускай гаспадарсцьвенасьці. Берасьцейская вунія распаліла агонь унутранай рэлігійнай барацьбы ў беларускім народзе. У той час, калі ў суседзяў палякоў разьвівалася прыгожае пісьменства, найлепшыя беларусы аддавалі свае сілы на рэлігійную барацьбу. Ад даты берасьцейскай вуніі ў даволі шыбкім тэмпе заняпадае ў Беларусі сьвецкая літаратура і ў хваравітым тэмпе расьце схалястычная, рэлігійная. Чэзьне такжа ранейшая рэлігійная толеранцыя. Барацьба між праваслаўем з аднаго, а каталіцтвам і вуніяй з другога боку дае повад Маскве й Польшчы ўмешвацца ў беларускія справы. Зьяўляюциа законы, скіраваныя супраць праваслаўных. Шляхта, здабыўшы сабе роўныя з польскай прывілеі, пераймае польскую культуру, якая тады стаяла