венага дзеяча ў нашым краю ў XVI ст.; 9. вуніяцкага мітрапаліта Іозафата Вэльляміна-Рутскага; 10. Кастуся Каліноўскага, павадыра паўстаньня 1863 году, гарачага беларускага патрыёта і будзіцеля народу; 11. Яна Чачота, аднаго з „прамяністых“, шчырага працаўніка над падняцьцем народнае культуры, беларускага пісьменьніка; 12. Франціша Багушэвіча (Мацея Бурачка), беларускага паэты, дзейнага ўчасьніка паўстаньня 1863 году, віленскага культурнага дзеяча ў 80—90 гадох мінулага стагодзьдзя.
Зварот да галавы польскага ўраду ў справе дапамогі беларусам з фундушу Нацыянальнае Культуры. Урад Беларускага Навуковага Т-ва паслаў на рукі старшыні Рады Міністраў матываваны мэморыял, дамагаючыся, каб з гаспадарсьцьвенага фундушу Нацыянальнае Культуры была дадзена помач на беларускую навукова-дасьледчую працу беларускім культурным установам, у тым ліку — Беларускаму Навуковаму Т-ву на ўтрыманьне й разьвіцьцё Беларускага Музею і на выдаваньне „Гадавіка“. Адказу на гэта Т-ва не атрымала, але хутка пасьля гэтага Сойм зрабіў агульную пастанову аб тым, што грошы з фундушу Нацыянальнае Культуры маюць ісьці вылучна на польскую культурную працу. Гэтак пытаньне аб дапамозе беларусам само сабой адпала.
Праца ў сэкцыях Б. Н. Т-ва. За апошнія пяць гадоў дзейнымі былі сэкцыі: літаратурна-мастацкая, языкаведная, гістарычная і музэйная (Музэйная Рада). Падаем важнейшыя рэфэраты, чытаныя і абгавораныя на паседжаньнях сэкцыяў:
I. У сэкцыі літаратурна-мастацкай: 1) П. Сяргіевіча — Праблемы мастацтва у плошчы беларускага адраджэньня; 2) Хв. Ільляшэвіча — аб літаратурнай бібліаграфіі; 3) А. Луцкевіча — Фр. Багушэвіч у памяці сучасьнікаў; 4) яго-ж — Роля беларускае жанчыны ў тварэньні народнае песьні; 5) яго-ж — Нагродзкі і ягоныя беларускія вершы; 6) яго-ж — Недрукаваныя й недакончаныя творы Янкі Купалы; 7) д-ра Ст. Станкевіча — аб найнавейшых творах Натальлі Арсеньневай; 8) яго-ж — аб паэтыцкай творчасьці Максіма Танка; 9) А. Луцкевіча — Літаратурная творчасьць А. Ельскага ў беларускай мове і яго неапублікаваныя беларускія вершы; 10) яго-ж — Найважнейшыя культурныя факты ў беларускім жыцьці. — Апрача таго быў зроблены цэлы рад дробных паведамленьняў і прачытаны творы розных аўтараў, якія йшчэ ня былі друкаваны.
II. У языкаведнай сэкцыі праца датычыла галоўна справаў чысьціні беларускае мовы. Чыталіся такжа матэрыялы, прысыланыя карэспандэнтамі (адказы на апытаньнік Брачыслава Скарыніча аб беларускіх географічных і асабовых назовах). На пачатку 1938 г. д-р Я. Станкевіч прачытаў рэфэрат аб мове жалабы рыскае рады віцебскаму князю Міхаілу XIII-га стагодзьдзя (друкуецца). Адначасна была прачытана гістарычная спраўка аб гэнай жа жалабе, прысланая карэспандэнтам Б. Брэжга з Дзьвінску.
III. У сэкцыі гістарычнай: У сувязі з агульнапольскім зьездам гісторыкаў у Вільні ў 1935 годзе сябрамі сэкцыі былі распрацаваны шэсьць рэфэратаў на гэны