Перайсці да зместу

Старонка:Запісы Беларускага Навуковага Таварыства (1938). Сшыток 1.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пачала правадзіць свае ўплывы і змагацца з польскімі. Таму, калі-б і трымацца гэтых пэрыёдаў, як польскага і расейскага, дык мяжу між імі трэба было-б перасунуць на 1863 год.

Як бачым, калі-б навет пакінуць разгледжаны падзел беларускай гісторыі на пэрыёды; дык ён вымагае шмат паправак. Але гэты падзел ня можа астацца з прынцыповага пункту гледжаньня, бо ягоная канцэпцыя, абапёртая ці то на сужыцьці беларусаў з ліцьвінамі, ці на прыналежнасьці Беларусі да Польшчы або Расеі, ёсьць абмыльная. Як сказана на пачатку, ў васнову падзелу гісторыі на пэрыёды павінны быць пакладзены тыя факты, каторыя выклікалі перамены ў суцэльнасьці палітычнага й культурнага жыцьця народу. У гісторыі Беларусі гэтыя зваротныя пункты ня лучыліся з голымі фактамі пераходу яе ў склад Польшчы або Расеі. Зразумелая рэч, што сам факт пераходу ў склад чужога гаспадарства выклікаў некаторыя перамены, і ў гэтым яго значэньне, але адсюль яшчэ далёка да таго, каб прыпісваць яму рашаючую ролю ў падзеле гісторыі Беларусі на пэрыёды. Канцэпцыя падзелу гісторыі Беларусі на пэрыёды павінна ў прынцыпе апірацца на тых пераменах, каторыя прадстаўляюць пераломныя мамэнты ў эвалюцыі цэласьці яе арганічнага жыцьця:

Прыняўшы гэтую апошнюю канцэпцыю і шукаючы пераломных пунктаў у жыцьці беларускага народу, каторыя маглі б быць пакладзены ў васнову падзелу яго гісторыі на парыёды, трэба перш-на-перш сканстатаваць наступную бясспрэчную агульную тэзу. Паасобныя этапы эвалюцыі розных галін жыцьця беларускага народу былі ў цеснай сувязі з эвалюцыяй беларускай гаспадарсьцьвенасьці. Сілы народу найболей выяўляліся тады, калі гаспадарсьцьвенасьць яго была наймагутнейшая, заняпадалі, калі заняпадала апошняя. Можна, ясна, разглядаць гаспадарсьцьвенасьць, як функцыю шматлікага роду дзейнікаў, але трэба адкінуць лічэньне яе вылучнай функцыяй сацыяльных адносінаў. Апошнія згулялі вялікую ролю ў фармаваньні беларускае гаспадарсьцьвенасьці, але роля гэтая была далёка ня вылучнай прычынай. Таму трэба адкінуць шуканьне галоўных прычынаў эвалюцыі і пераломных у ёй пунктаў толькі ў сацыяльных адносінах.

Разглядаючы беларускую гаспадарсьцьвенасьць, як функцыю шматлікіх дзейнікаў, і падчыркнуўшы сувязь эвалюцыі палітычнага, сацыяльнага й культурнага жыцьця беларускага народу з эвалюцыяй яго гаспадарсьцьвенасьці, у гэтай апошняй трэба шукаць асноваў дзеля падзелу беларускае гісторыі на пэрыёды.

На гэтым падрубе гісторыю беларускага народу трэба было-б падзяліць на наступныя тры пэрыёды:

1) пэрыёд асобных гаспадарстваў ад IX да паловы XII ст.

2) пэрыёд суцэльнае гаспадарсьцьвенасьці ад паловы XIII да канца XVII стагодзьдзя.

3) пэрыёд упадку беларускае гаспадарсьцьвенасьці ад канца XVII ст. і да апошняга часу.

Першыя два пэрыёды абыймаюць Беларусь незалежную з тэй розьніцай, што ў першым пэрыёдзе незалежнасьць беларускага народу існавала пры нястачы суцэльнага гаспадарства.

Спынімся падрабязьней над гэтым падзелам.