Старонка:Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі.djvu/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ

Агульныя заўвагі

Азначэньне паняцьця «западно-руссизма». Пачаткі і грунт яго ў мінулым. Спраўка аб русыфікатарскіх плянах Кацярыны II. Cтановішча пры Аляксандры I і Мікалаі I. Абмежаваньне дасьледваньня «западно-руссизма» яго беларускімі прадстаўнікамі.

Пад «западно-руссизмом» мы разумеем тую плынь у гісторыі грамадзкай думкі на Беларусі, якая лічыла, што Беларусь не зьяўляецца краінай з асобнай нацыянальнай культурай і ня мае дзеля гэтага права на самастойнае культурнае і політычнае разьвіцьцё, але што яна зьяўляецца культурна і дзяржаўна часткай Расіі і таму павінна быць разглядана як адзін з яе сустаўных элемэнтаў. Прадстаўнікі гэтае плыні імкнуліся давесьці, што Беларусь як «Заходняя Расія» непадзельна зьвязана з цэлым — «адзінай вялікай Расіяй» і што беларусы як адно з славянскіх пляменьняў органічна ўваходзяць у склад «единого русского народа».

На працягу XIX і пачатку XX веку «западно-русизм» згуртаваў вакол сябе значны лік прыхільнікаў, выпрацаваў сваю ўласную ідэолёгію і ў гэтым сэнсе процістаўляў сябе плыні нацыянальна-беларускай. За мінулы час ён перажыў некалькі адценьняў і адмен, аднак заўсёды быў характарны паказанай ідэяй — служэньнем ідэалу адзінае Расіі і адпаведнымі русыфікатарскімі тэндэнцыямі ў стасунку да Беларусі. У гэтым сэнсе можна з упэўненасьцю разважаць аб «западно-руссах» як аб пэўнай гістарычнай школе, кіраванай суцэльным сьветаглядам і акрэсьленай тактыкай.