А „красьці“ дрэва справа ня лёгкая і ня ёсьць прыемная. Дай, Божа, каб нікаму з нашага народу гэтага рабіць ня прыходзілася.
Дрыжыць чалавек бедны, едучы ў лес, дрыжыць пілуючы дрэва, дрыжыць вязучы яго дамоў, удома — хаваючы.
Часам гэтае дрэва ён адважваецца „украсьці“ і на ўласным могільніку.
А чаму? — чаму ён едзе ці йдзе красьці гэтае дрэва?…
На гэтае пытаньне мы ня будзем ляпей адказваць.
I.
Доўгі прыгожы летні дзень канчаўся. Поўнае велічы і красы сонца хавалася за лес, яго цёплыя сьветлыя праменьні што раз то ўсё балей і балей ўцякалі за вярхі дрэў, уступаючы сваё мейсца ценям. Цені расьлі і шырыліся і з кожнай часінай захоплівалі ўсё большыя і большыя абшары. Хутка сонца зьнікла зусім за лесам, толькі шырокая доўгая істужка пурпуру на заходняй старане небасхілу сьведчыла аб тым, што яно не пагасла, а там дзесьці далёка сьвеціць іншым людзям, грэе іншыя землі.
Там дзесьці далёка дзень быў у поўнай красе, у іншым мейсцы ён ізноў пачынаўся, аде тут у гэтай краіне цяпер паволі, але рашуча, упарта, дзіўная па сваей красе, летняя ноч агартала ўсё ў свой ашчэп і забірала пад свае панаваньне. Неба было чыстае, яснае; нідзе ані найменьшай хмаркі. Адна за аднэй, быццам запальваныя чыейсьці рукою, зьяўляюцца ў высі зоркі. Знад ракі і балота доўгай, шырокай белай посьцілкай падымаецца ўгару туман. Усходня-паўднёвы лёгкі цёплы ветрык, чуць заўважна калышучы лісты дрэў і хвалюючы збожжа, прыемна казыча твар.
У вёсцы Асінаўцы, што раськінулася абапал дарогі на высокім узгорку, які, быццам выспа пасярод мора, зелянеўся паміж паросшых лазой балотаў, у гэты вечар ўсё йшло такім самым парадкам як усюды і заўсёды. Жвава канчалі сяляне сваю вячэрнюю штодзенную працу і, не зьвяртаючы увагі ва тое, што робіць іх сусед, йшлі ў хату на вячэру. Вёска паволі пачынала заціхаць; толькі дзе-ня-дзе хлапцы, што рыхтаваліся ехаць на начлег, ды крыксуны драчы на балотах нарушалі яшчэ супакой дзіўнай ночы,
На астатку начлежнікі з крыкам і песьнямі выехалі за вёску, а драчоў супакоіла Шаблон:Абмлыка. Усё анямела і сьціхла; толькі чыстае неба дрыжыць і іскрыцца мільёнамі зор, ды паволі з-за лесу пачынае паднімацца ў поўнай сваей красе месяц. І ў велічы ягонага сьвету засыпае ціха сяло.
Але вось у аднэй з хат, што стаяла пры краю вёскі, ціха скрыпнулі дзьверы і на парозе паказаўся з сякераю ў руках высокі худашчавы мужчына, апрануты ў белыя з дамовага палатна нагавіцы і спашытую з свайго сівога сукна жакетку. Зачыніўшы ціха, быццам баючыся кагось разбудзіць, за сабою дзьверы, ён выйшаў на вуліцу,