Чый гэта конь ляцеў, як дзікі
І ўпаў на камень ля варот?
Хто гэты коньнік атрупелы?
Таілі сьлед трывогі стрэлаў
Шнары чарнявага чала;
Ў крыві і вопратка і зброя;
Ў апошні раз ліхога воя
Рука на грыве замярла.
Нядоўга ўбачыць маладога
Пагляд твой, дзеўчына, хацеў —
Стрымаў ён князеўскае слова:
На баль вясельны прыляцеў…
Ды жаль! ніколі ўжо нанова
Ня сядзе ён на варанога!
XV.
На бесклапотную сям‘ю,
Як гром, зьляцела Божа кара.
Упала на пасьцель сваю
Дый плача бедная Тамара;
Сьляза сьцякае за сьлязой,
А ў грудзях нешта так бушуе…
І вось яна як быццам чуе
Чароўны голас над сабой:
„Ня плач, дзіця, ня плач напрасна!
Твая сьляза на труп няшчасны
Жывой расою не сьцячэ,
А толькі по́гляд муціць ясны,
Дзявочы тварык твой пячэ!
Далёка ён; ня будзе ведаць
Ужо цаны тугі твае,