Храпе, зірнуўшы з круцізны
На пену рэзвае валны.
Шлях страшны й вузкі прыбярэжны:
Налева — прываль страмніны,
Направа — глыб ракі мяцежнай.
Дый позна. На вяршыне сьнежнай
Румянец гасьне; ўпаў туман…
Байчэй ступае караван.
XI.
І вось каплічка пры дарозе…
Здаўна̀ тут вечна сьпіць у Бозе
Якісьці князь, цяпер сьвяты,
Рукою помсьціча сьцяты.
На сьвята, з тых часоў, ці бітву,
Куды-бы хто там ні сьпяшаў,
Заўсёды шчырую малітву
Ён ля каплічкі адпраўляў;
Малітва тая ратавала
Ад мусульманскага кінжала;
Але забыў юнак-жаніх
Абычай прадзедаў сваіх —
Яго адважным лятуценьнем
Тут хітры Дэмон аплятаў:
У думках пад начною цемрай
Ён маладую цалаваў…
Раптоўна мільганулі двое,
І болей… Стрэлы… Што такое?..
Прыўстаўшы шустра на сядле,
Прыбраўшы шапку на чале,