палавых валасох, у белым каўнерчыку кругом шыі.
— Ага, — шэптала тады матуля. —Марцысь разводзіць агонь…
І праўда, што развадзіў. Ведама, навічок спрытна сыпаў вугаль у печ, апаражняў адзін кош за другім, працаваў за сябе і за памочніка, горды, што яго называлі качагаром, а разам с тым, як бухнуў у печы агонь чырвоным полымем, вырываліся с крэпкай грудзі маладога качэгара песьні, ад каторых аж грымела ў катлоўні ад раньня да змроку.
Хутка чорные, клубы дыму пачыналі бялець, рэдзелі, ставалі лёгкімі і ўжо роўным слупам ляцелі ў гару і толькі як хмарка бялелі на пагодлівам небе.
Ўдава прыкмечала гэту перамену, адхадзіла ад вакна і цешылася.
— Дзякаваць Богу, ўсё пайшло на лад!
Тады сама пачынала увіхацца па хаці, прыбірала сваю і сынову пасьцель, выметала падлогу старай бярозовай мятлой, развадзіла ў грубцы агонь, падкідала трэсак, прыстаўляла гаршчкі і варыла палудзень.
І вось тады, як раз проці фабрычнаго коміна, паднімалася па небе тонкая, ледзь відочная, стужка сіневатаго дыму і лёганька вілася над коміном хаты, дзе жыла ўдава. А стужка тая была вельмі рэдзенькая, гэтак слабая, як дух старых грудзей, што яе раздымалі.