„Прызналіся самі і як і чым білі,
„І зналі самі, што закон праступілі,
„Супроці начальства, законнай уласьці!
„І змовілісь вёскай урадніка ўкласьці.
„Зачыншчык-жа я, — або я той калок
„Спаліў, а другіх я ў бунт увалок;
„Дык мяне у вастрог той-жа час запярці
„І судзіць найстражэй па вялікай стацьці!“
„Чытае ён гэтак, а мне дык здаецца:
Ен з нашага брата і з праўды сьмяецца:
ў законе-ж ўсе роўны і пан і мужык,
А што-ж то ураднік за велькі індык?
Як ён каго трэсьне, дык гэта нічога,
Яго-ж не даткні, так як Юр‘я сьвятога“.
То так думаў я, ажно выйшла ня тое!
Ураднік — на службе, то дзела другое:
Тагды сьцеражы ты яго, як тэй скулы
Бо ён — то ня ён, а то ёсьць артыкулы,
Разьдзелы, стацьці і ўсе зводы закона!
Мужык-жа, наш брат, той усюды варона.
Здалося мне, што ці дурню, ці шэльме,
Ці хітры ён будзе, багаты хоць вельмі,
Мундзір хоць надзенеш жупан хоць-бы новы,
А дурнем-жа будзе дурны безгаловы;
А шэльму-жа нюхам пачуе сабака,
І ўсюды для шэльмы чэсьць будзе аднака.
І прыказка-ж кажа, што Бог ня целя,
З усей грамады пазнае круцеля!
Законы-ж, а думачкі нашага брата,
Як ноч а то дзень; гэта — будні, то — сьвята!
Вот гэтых законаў паняць я ня мог;
За гэта-ж цяпер я папаўся ў вастрог.
Цяпер ужо тут, дык мне вочы працёрлі,
Пазнаў, як у бацькаву хату запёрлі…
Ото-ж і завуць і мяне на той суд.
Вучыць шанаваць і начальства, і кнут.
І слуп, што гніець, стаючы ля дарог,
Бо начал, кнут і слуп то даў Бог!
|