Як знаць волю мы павінны?…
А ў вастрозе-ж няма волі,
Ніўчым няма і ніколі!
У зялезе тыя дзьверы,
Пры дзьвярох стаяць жаўнеры,
А народ усё сярдзіты,
Так як-бы яшчэ ня сыты
Людзкіх сьлёзаў, мукі, енку,
Не гавораць памаленьку,
А ўсё зыкам, а ўсё з лайкай,
А ўсё з боем, ўсё з нагайкай!
..............
У дзядзінец нас як пхнулі.
Дзьвярмі тымі як грукнулі,
Дык і сьвет мне тым закрыўся,
Як-бы у труну забіўся…
Зараз старшы ўзяў за плечы
Хляснуў тройчы, так! бяз рэчы,
Ключы кінуў, — „У халодну!“
І аблаяў матку родну.
Нас піхнулі як у яму
У цёмну хату чтэрагранну,
Далі хлеба, вады меру
І запёрлі як за веру
У цямніцах калісь гэта
Замыкаліся ад сьвета.
Цёмна, зімна!.. прытуліцца
Няма куды! А каганец,
Як-бы губка, толькі тліцца…
Засьпевалі мы ражанец:
Пяём, плачам, аж галосім,
Божай ласкі, Праўды просім!
У такім енку са сьлязамі
І паснулі мы ў тэй яме!
Абудзіўся я з зьдзіўленьня:
Глядзяць ў шчэлачку праменьня!
|