Перайсці да зместу

Старонка:Дудка беларуская (1922, Вільня).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Як ужо-ж і гэтым страхам не паддаўся. —
Гадзіны з балота, і вужоў ці мала
Лезуць проста ў вочы і тыкаюць жала…
Якбы то ня чуе, — якбы то ня знае!
Потым ваўкалакі, смаўжы, вокалюды,
Зубастыя ведзьмы сабралісь зусюды;
На яго суюцца, зубамі скрыгочуць, —
Ен тыкі капае, аж чэрці рагочуць!
Асэсараў, соцкіх, ураднікаў хмара
Наляцелі, грозяць, другі аж удара…
Ен усё капае, ані аглянецца.
Скарб і паказаўся, — няма куды дзецца:
Кацёл, як кадушка, жалезам абіты…
Абухом як трэснуў, дык пусьцілі ніты;
Рэчкай паліліся новыя дукаты,
А хцівец падумаў: „цяпер я багаты.“
Набраў іх бяз ліку, у мяшок насыпаў,
На плечы закінуў, зрадзеў, аж захліпаў,
І… ляціць да дому з тымі дукатамі…
Аж тут і пагоня зямлю капытамі
Рвець, як даганяе, аж сапуць іх коні!
Ен чуе, што блізка, можа няма гоні, —
Дукаты ў лісічкі, а сам у калоду
Перакінуўся зараз і прапаў як ў воду!
Калі-ж наляцелі калмыкі, арабы,
Шаблямі махаюць, аж трасуцца храпы,
Ды ніяк нічога ня могуць дарадзіць.
Так то умеў хцівец і сьлед свой загладзіць.
Тыя-ж пастаялі, пацмокалі трохі,
Коні завярнулі і пайшлі, як блохі.
Калоду ў сябе зноў, лісічкі ў дукаты
Перакінуў хцівец і ляціць да хаты.
Калі ў поўдарогі чуе, ізноў гоняць,
Крычаць і страляюць, і шаблямі звоняць,
То былі татары: кудлатыя шапкі,
А твар, як дзьве скулы, а вочы, як крапкі.