Потым таго кажа: „Калі ты, лядачы,
„Захацеў так скарбу, дык ідзі-ж уночы
„У лес перад Янам, каб ні брэх сабачы,
„Ані сьпеў пятушы, ані людзкі вочы
„Ня былі ў прашкодзе. У папараць сядзеш,
„Хустачку пасьцелеш, добранька разгладзіш,
„І чакай паўночы. Папараць дасьць кветку,
„Ты струсьні на хустку папраці ветку,
„У хустку завяжаш кветачку ты тую
„І будзеш мець скарбы, калі пашанцуе.
„Толькі, дзяцюк, слухай: каб ты не жагнаўся
„І нясучы скарбы, каб не аглядаўся!“
Хцівец дачакаўшы прад сьвятога Яна,
Зайшоў ў лес далёка ад самага рана,
Выспаўся за сонца, вечарам памыўся,
І сабе чакае ці скора паўночы,
Паставіўшы слупам на папараць вочы;
Толькі, зірк: па лесе кажаны, як мухі,
Каля яго круцяць, поўзаюць рапухі,
Гадзіны суюцца, а совы галосяць,
Ваўкі страшна выюць, аж рэха разносяць;
Ажно лес трасецца! І хцівец затросься,
Але страх падолеў, і усё прайшлося,
І усё заціхло, як магілка ўночы!
Хцівец зноў паставіў на папараць вочы.
Вецярок па лесе лісткі разьвявая,
Струхнулася папраць, якбы то жывая!
Калі глядзіць хцівец: — кветачка, як сонца
Заблішчэла ясна, хораша бяз конца!
Струсануў на хустку хцівец кветку гэту
І ляціць да хаты з кветкай, як штахэтай!
Цяпер хцівец ведаў ўсё на сьвеце чыста,
Што ў сяродку зямлі, гдзе сіла нячыста,
Як зьвяры гавораць, скуль вада у рэчцы,
Калі што пасеяць, адкуль што бярэцца,
Калі будзе вецер, маладзік настане,
|