Ланцугі на людцах, што з хат уцякаюць.
Ня зьдзекуйся-ж, Божа, нада мной, над імі:
Парабі усіх нас, як камень, глухімі!
Вазьмі усе змыслы, покі прыйдзе Праўда,
Бо жыць без яе нам не вяліка наўда!
Прасіў Бога ласкі: „адвярні ты, Божа,
Злую нашу долю на сухія пушчы,
Адвярні на камень, ці на бездарожжа,
На вялікі ройсты, на пяскі сыпушчы,
Ды каб не зазнала ні вадно стварэньне
Гэтай долі нашай да веку сканчэньня!
Не пачуў ён енку, ня увідзеў мукі,
Крыж уеўся ў плечы, ланцугі у рукі!
Прасіў я суседзяў са мной падзяліцца,
Памагчы крыж несьці, як «з Богам ня біцца».
Асьмяялі людзі мяне, як дурнога,
Там, казалі, праўда, тут тыкеле сіла!
Даўней, кажуць, праўда па сьвеце хадзіла,
Жабруючы-ж зьмёрзла, а людцы схавалі,
Каменем накрылі, зямлю пааралі,
Каб ня чуць, ня ведаць аб ёй ані весьці,
Ды цяпер і кажуць: „Праўда ў небе гдзесьці!“
Ды пашлі-ж ты, Божа, Праўду сваю тую
З неба на зямельку сьлязьмі залітую!
Пасылаў ты Сына, Яго не пазналі:
Мучылі за праўду, сілай паканалі,
Пашлі-ж цяпер Духа, ды пашлі бяз цела,
Каб уся зямелька адну праўду мела!
|