Ой цяжка, цяжка.
Не сярмяжка цяжка,
Але з гэтай доляй,
А усе што раз болей.
Ох, цяжкая-ж доля! От так бы здаецца,
Скрозь зямлю прапаў-бы ці ў сьлёзы-б разьліўся!
Ці мне жыць на сьвеце, ці мне куды дзецца?
Ой Божа-ж мой, Божа, нашто-ж я радзіўся?!
Ой, нашто-ж мне дана тая мая мова,
Як я ня умею сказаць тое слова,
Каб яго-то слова, ды праўдай назвалі;
Каб і разыйшлося то слова па сьвеце,
Як праменьне сонца цёплага ў леце,
Каб на тое слова ды людцы зрадзелі,
Так як тыя дзеткі на сьвятой нядзелі;
Каб-жа тое слова ды людцоў зьеднала,
Каб на тое слова ворагаў ня стала,
Каб людцы прызналі братоў ды братамі —
Дзяліліся-б доляй і хлеба шматамі;
А без таго слова я нямы калека!
Хоць-бы занямець мне і да канца века!
Ой нашто-ж мне вочкі, ой нашто-ж мне ясны?!
— Каб глядзеў, які я ад усіх няшчасны?
Каб душа балела, гледзючы на долю,
Каб сэрца шчымела і рвалося з болю?
Каб было чым плакаць і у дзень і ў ночы?!
Ой Божа-ж мой, Божа, вазьмі-ж мае вочы!
Нашто-ж тыя вушы, як ня чуць нічога
Ні ад людцоў добрых, ні з неба ад Бога?
Ой ці не на тое-ж, каб чуць людзку лайку,
Ды тую плакучу дудку самаграйку,
Нашую жалейку, што енча ня йграе, —
Хоць як выйгравай ты, а яна смутная?
Ой ці не на гэта-ж, каб чуць, як зьвякаюць
|