Я сяджу і дрыжу, каб мяне не назваў:
Калі брасьць! і я тут! — А бадай ты прапаў!…
Але хваліць мяне, справядлівым заве,
На Пантурку-ж зіркне, — як скаціна раве:
„Вінават, вінават, няхай плаціць казьне“,
І ў турму і ў Сібір! і яшчэ кудысь пхне…
Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў:
Так, як бульбу, Пятра пасаліўшы-бы зьеў.
А сказаць-бы, зашто? — за сваё за дабро:
Чалавек захацеў зрабіць водкі з вядро:
Што-ж за наўда яму, каб ён сьвету ня знаў,
Ці Пантурка зьеў блін, ці гарэлкі нагнаў?
Потым стаў вылічаць свае страты акцыз:
Той дык так-бы зубамі Пантурку загрыз!
Налічаў, налічаў, — і двайну і трайну;
Як шынкар у карчме тваю чарку адну.
І начыньне забраць, і худобу прадаць,
Што ў казну, то ў казну і яшчэ камусь даць.
Тысяч тры там, ці што, налічыў ён пяні.
(У Пятра-ж каб хоць грош, быў які ў кішані. —
Смашны жабе гарэх, ды зубоў Бог ня даў —
Каб акцыз тое меў, што ў Пантуркі забраў;
Дзьве казы прадалі, ды сярмягу, ды воз,
І то брат адкупіў, а назаўтра адвёз).
Аж ня сьцерпеў той пан, што у куртцы сядзеў;
Пятруку штось сказаў, акуляры надзеў.
Калі-ж крыкне-зыкне, аж затросься той суд.
„Гдзе тут, кажа, віна, чым Пятрук вінен тут?
„Што скацінку карміў працаваным дабром,
„Насіў брагу з двара на насілах вядром?
„Тут турму, тут і штраф для акцыза схаваць“…
Як зачаў гаварыць, як зачаў будаваць,
Дык Пятрук і ня гнаў і у лесе ня быў,
А то я вінават, я сам гнаў і падбіў,
I данёс на яго… Вінават я увесь!
А бадай ты прапаў, а бадай цябе резь! —
|