|
Арыштантам тым быў наш Пятрук Пантурок,
Што у пушчы гдзесь меў патайны браварок.
А акцызьнік Яськоў браў з яго кубана,
Дый данёс, дый злавіў, як той воўк барана:
І акцызьнік той быў, прысягаўся і ён,
Як яму хтось данёс, як сачыў ён пяць дзён,
Як кацёл там кіпеў, як гдзе брага была,
Як Пятрук не пасьпеў уцячы ад катла…
А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў,
А таго-ж не сказаў, як Пантурку даіў.
Потым нас па адным сталі ў суд выклікаць.
Прысягаўшы на тым, трэба-ж праўду казаць!
Тут пытаюць мяне, а тут жаль Пятрука;
І мая у яго там прапала мука,
І я думаў сабе выгнаць водкі з вядро
На вясельле дачкі (вот было-бы дабро),
Ды завёз Пятруку дзьве асьміны мукі,
Дык якраз на той час наляцелі-ж „крукі“,
Ды мяне-ж павялі у той лес панятым,
Каб ім дна ня было і акцызьнікам там!
Як спыталіся ўсіх, — прачыталі той „ахт“.
Што злавіўся Пятрук (а набрэхана-ж — страх)
Там такое стаіць, што і ў думцы няма;
Паравік, зьмеявік і якаясь шляма…
Прачыталі ото і яшчэ там папер;
Пагляджу-ж, кажу я, што-то будзе цяпер?
Прадсідацель сказаў: „пяць мінут перарыў“!
І ў каморку шмыгнуў, толькі кніжку закрыў.
І усе паднялісь і пайшлі, хто куды;
Я застаўся сядзець, усё роўна — з нуды.
Як вярнуліся зноў, дык адзін той устаў,
Што сядзеў на канцы і найболей пытаў:
Паглядзеў на усіх, як узяўся за стол,
Як зачаў ён крычаць: „прытакол, прытакол!“
І казну спамінаў, і трубу, і кацёл,
І муку, і мяшок… — ды усё — „прытакол!“
|