Кіну-ж дудку тую,
А зраблю другую.
Цяпер зраблю дудку
Ад жалю, ад смутку.
Га, зраблю-ж другую,
Жалейку смутную, —
Ды каб так зайграла,
Каб зямля стагнала,
Вот каб як іграла:
Каб слязьмі прабрала,
Каб аж было жутка,
Вось то мая дудка!..
Вось зрабіў такую!
Дай-жа папрабую…
Ну дык грай-жа, грай-жа,
Усё спамінай-жа…
Што дзень і што ночы,
Плач, як мае вочы,
Над народу доляй.
І плач што раз болей.
Плач так да астатка,
Галасі, як матка,
Хаваючы дзеці,
Дзень, другі і трэці.
Іграй сьлёзным тонам
Над народу сконам!
Каб ты так іграла,
Каб немарасьць брала.
Як сьлязы ня стане,
Заціхне іграньне.
Кінь наўкола вокам,
Дык крывавым сокам,
Не сьлязой заплачаш,
Як усё абачыш,
Як крыві не стане,
Тагды кончу граньне!
|