Зайграй так вясёла,
Каб усе у кола,
Узяўшыся у бокі
Ды пайшлі у скокі,
Як віхор у полю —
Аж выючы з болю,
Каб аж рагаталі,
А усё скакалі…
Каб скакалі горы,
Як хваля на моры,
Як паны на балі,
Каб вот як скакалі!
Каб аж пыл курыўся
Каб сьвет заваліўся,
Ды усё круціўся,
Як ў нашага брата
У пьянага хата…
Га! чаму-ж ня грайеш?
Хіба ты ня знаеш,
Ня ведаеш хіба,
Што, як тая рыба
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў б‘юся,
Ніяк не зьвярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што, як хто нап‘ецца,
Дык вольным стаецца.
Грай, вясёла-ж грай,
Або долю дай!..
...........
...........
Енчыш бяз умоўку!
Не, ня будзе толку!
|