Старонка:Дружчыц Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

маюць права ўносіць і абгаварваць і свае патрэбы ״немней теж и о своих потрэбах и долегростях оного повету и воеводства“. Абгаварыўшы ўнесеныя на соймік пропозыцыі, Соймік выбірае ад павету двух паслоў, якім даручае і дае поўнамоцтвы весьці нарады на вальным сойме. Дзеля таго, каб паслы вырашалі справы на сойме згодна з пастановамі сойміка, ім даюцца пісаныя інструкцыіі: ״за печатьми обывателей того повету״.[1] Кажны пасол адтрымлівае ад свайго повету або ваяводства, патрэбную суму грошай на ״страву“. Менскія паслы, напрыклад, атрымлівалі страўных грошай сто шесцьдесят коп.[2]

Пасьля нарад паветовых соймікаў, за два тыдні да адчыненьня вялікага вальнага сойму, адбываўся галоўны соймік, або зьезд усіх абабраных паслоў, а такжа і паноў-рады. Месцам галоўнага сойміку Статут 1588 г. назначае г. Слонім. ״Про тое уставуем иж перед кождым соймом великим вальным, за две недели мают вси станы того паньства великого князства, так панове рада их милости, яко и послове земские зьезд свой валный мети у Слониме".

Галоўныя зьезды маюць задачай дапасаваньне і ўпарадкаваньне усіх інструкцый павятовых соймікау, а такжа ўсіх земскіх спраў і патрэб вялікага княства ״и там знесши и посродок себе инструкцыи всех земель и поветов мають межи себе намовы спольные в милости братерской, о всих потребах земских чинити, приводечи се до одного слушного зрозуменья речей ку доброму речи посполитое, за чим бы вжо на великом вальном сойме порадней и спешней справы и потребы речи посполитое становити и отправовати се могли.“[3]

Па сканчэньню вялікага вальнага сойму праз чатыры тыдні павінны адбыцца ў кожным павеце соймікі пасоймавыя, або рэляцыйныя. Прыехаўшыя з сойму паслы даюць вестку аб сваім прыезьдзе ваяводзе, або старосьце, ці іх намесьніку, якія праз возных абвяшчаюць аб гэтым шляхту і склікаюць яе на соймік для заслуханьня справаздачы паслоў. ״А то для того, жебы на тых сойміках паслове с поветов на сойм посыланые, звернувшйеся з сейму дали о том всим обывателям, кожного повету ведомость достаточную, штобы на котором сойме в справах и потребах речи посполитое, справили и постановили и которые се кольвек на таким соймик з‘едуть, тые тых справ соймовых слухати мають“.

Не зьявіушаяся шляхта на соймік не адпавядае за няяўку, але падлягае і павінна выконваць ўсе соймавыя пастановы.

Пастановы сойму выдаюцца бясплатна кожнаму паслу з дзяржаўнай канцэлярыі. Гэтыя пастановы ״за печатью нашою“ пасол павінен падаць ״ку захаваньню при книгах земских вряду земскому“ ״и до книг городских дати то вписати“[4].

Пры такой будове соймавай організацыі цэнтр цяжкасьці пераносіцца ня ў сойм, а у павет. Павятовы сход актыўна абгаварвае усе дзяржаўныя пытаньні; выносіць пастановы і складае адпаведныя інструкцыі, гэта значыць прадрашае ўсе пастановы сойму. Абраныя на на сойм паслы не маглі адступіцца ад сваіх інструкцый, тым болей, што паслам прыходзілася выступаць са справаздачай перад сваімі выбаршчыкамі. Калі паслам не ўдавалася правесьці на вальным сойме пастановы свайго павету, яны ўносілі протэстацыі, упісвалі іх ў кнігі дзяржаунай канцэлярыі і выпісы іх прывозілі сваім выбрашчыкам у сваё апраўданьне.

  1. Литовский Статут 1588 г., разд. III, арт. 8.
  2. Разьдз. III арт. 9.
  3. Литовский Статут 1588 г., разд. III, арт. б.
  4. Разьдз. III, арт. 7