Старонка:Дружчыц Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паслоў Літоўска-Беларускага княства. Літоўска-Беларускія судзьдзі абіраліся на аддзельным пасяджэньні паслоў вялікага княства, як польскія на пасяджэньні паслоў каронных.

Для засяданьняў судоў былі вызначаны тры шэсьцітыдневых перыоды: два для кароны і адзін, з першага чэрвеня, для княства. У выпадку экстэрных і спешных спраў кароль мог склікаць соймавы суд княства і ва ўсякі другі час.[1]

Такім чынам судовая дзейнасьць рады вялікага княства, выліўшаяся з цягам часу ў соймавую судовую ўстанову, існуе пасля Люблінскай вуніі, мяняючы толькі форму дзейнасьці.

У трэцім Літоўскім статуце дзейнасьць Рады, як вышэйшага кіруючага органу, амаль-што не закранута. Між тым, у некаторых выпадках, рада бярэ на сябе такія рашэньні, якія належаць толькі вялікаму вальнаму сойму. З констытуцыі 1690 г. мы бачым, што ў 1687 і ў 1689 гадох пастановамі рады княства былі прызначаны экстра ордынарныя падаткі. Гэтыя пастановы былі выкліканы пільныыі дзяржаўнымі патрэбамі—неабходнасьцю выплаціць войску належачую яму пэнсыю, у той час як два падрад соймы былі сарваны. Сойм 1690 году зацьвердзіў дзейнасьць рады княства, але падкрэсліў, што з гэтага часу сэнацкай пастановай ня будуць устанаўляцца і ўхваляцца падаткі, і кароль абавязаўся за сябе і сваіх наступнікаў ня выдаваць адпаведных універсалаў. Цікава, што констытуцыя падкрэсьлівае, што Senatus consultum—пастанова рады—была ўхвалена толькі Літоўска-Беларускай радай, бяз удзелу польскіх сэнатараў і што на пасяджэньні была многа асоб паноў рады Літоўска-Беларускага княства[2].

Гэта падкрэсьліваньне вялічыні сходу рады, borabigna, прыводзіцца ў констытуцыі для апраўданьня працівазаконнай яе дзейнасьці ў даным выпадку. Для нас־жа з вочавіднасцью ўстанаўляецца факт, што па справах Літоўска-Беларускай дзяржавы ня толькі судовых, но і фінансавых і падатковых, рада княства мела асобныя пасядженьні і вынасіла на іх рашэньні, якія былі неабходны для ўсёй дзяржавы. Калі радзе прыходзілася накладаць нават падаткі, то бягучыя адміністрацыйныя справы само сабой так-жа вырашаліся ёю. Самастойная ад польскага сэнату дзейнасьць Літоўска-Беларускай рады, як судовая, так і адміністрацыйная, пасля Люблінскай вуніі, не падлягае сумненьню.

Вялікі вальны сойм.

Ужо с XV стагодзьдзя у Літоўска-Беларускай дзяржаве паяўляецца вялікі вальны сойм. Склікаюць яго гаспадар і паны радныя. Спачатку на вялікім вальным сойме прымаюць удзел буйныя земляўласьнікі. З першай чверці XVI ст. пачынаюць заклікацца на соймы і баяры-шляхта, г. значыць сярэднія і дробныя земляўласьнікі. Прадстаўніцтва ад шляхты ў першыя часы ня было. Шляхта заклікалася пагалоўна. Пры Жыгімонце Старым ў 1511 г. першы раз быў аддан загад дзяржаўцам склікаць шляхту па паветах і прапанаваць шляхце выбраць па два прадстаўнікі ад павету для ўдзелу ў сойме. Паступова гэта практыка стала ўзмацняцца, аднак шляхце не забаранялася прымаць удзел ў сходах сойму і пагалоўна. На Віленскім сойме 1565-66 г. г. была праведзена адміністрацыйная рэформа. Вялікае княства была нанова падзелена на ваяводзтвы і паветы. У кожным павеце былі ўтвораны павятовыя соймікі, якія гаспадар абавязваўся склікаць перед вальным соймам не пазней, як за чатыры тыдні да яго пачатку.

  1. Vol. legum VIII, ордынацыя сойму 1775 г.;
  2. Volum leg IV, ст. 394.