Старонка:Дружчыц Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тычна належала панам радзе, і гэта было зафіксавано Статутам 1529 г.[1] Шляхта пачынае дабівацца ў часы паміж першым і другім Статутамі пашырэньня сваіх праў і Статутам 1566 году было пастаноўлена, што законадаўчая ўлада належыць толькі ўсім станам вялікага вальнага сойму[2]. Такім чынам толькі перад Люблінскай вуніяй была абмежавана законадаўчая ўлада рады, і органам законадаўчай ўлады стаў вялікі вальны сойм.

Адначасна з абмежаваньнем законадаўчай улады рады былі скасаваны выключныя правы паноў-рады, князёў і паноў—судзіцца толькі ў гаспадара. Былі ўтвораны новыя выбарныя шляхэцкія суды, якім падлягаюць і паны і шляхта.

Па рашэньні прывілея Люблінскай вуніі Соймы і Рады абоіх народаў будуць заўсёды Сполнымі кароннымі пад сваім гаспадаром каралём польскім і засядаць будуць паны радныя паміж сэнатарамі, а паслы паміж пасламі і абгаварываць справы на соймах і бяз сойму аб спольных патрэбах як у Польшчы, так і Літве.[3]

Месца паноў рад літоўскіх, як духоўных, так і ссьвецкіх вызначана сярод паноў кароных, як ужо ў адным сэнаце[4] і затым прыводзіцца месца кожнага пана рады ў спольным сэнаце.

Такой постановай было вырашана палажэньне Рады ў вялікім вальным сойме, органе, галоўным чынам, законадаўчым, але зусім не абкрэсьлена значэньне Рады, як вышэйшага органу ўпраўленьня і суду. Невырашанасьць гэтага значэньня Рады паставіла Літоўска-Беларускае княства ў палажэньне досыць выгаднае; гэтым княству дана была магчымасьць самаму ўтвараць і будаваць вышэйшую сваю ўстанову—Раду, як кіраўнічы орган дзяржавы.

Ужо ў "Pacta conventa“ Генрыха было ўнесена патрабаваньне, каб кожны сойм назначыў па 16 сэнатараў з Польшчы і Літоўска-Беларускай дзяржавы ў прыбочную каралеўскую раду, так званых сэнатараў рэзідэнтаў, з якімі кароль павінен быў вырашаць усе дзяржаўныя справы. Агульная пастаноўка пытаньня была нездавальняючай для літоўска-беларускіх паноў рады і пры абраньні Стэфана Баторыя зноў выстаўляюцца патрабаваньні аб урэгуляаваньні палажэньня Рады. Граматаю ад 29 чэрвеня 1576 г. Стэфан Баторы пастанавіў, што літоўска-беларускія паны рады пастаянна павінны быць у прыбочнай радзе. Але дзякуючы таму, што Літоўска-беларускіх сэнатараў меней, чым польскіх і іх чарга канчаецца раней, чым польская, то літоўска-беларускія паны рады назначаюцца ў прыбочную раду па іх сьпісу спачатку, каронныя-ж сэнатары вядуць сваю чаргу.

Сэнатары Польшчы і паны рады Літоўска-Беларускай дзяржавы разглядаюцца тут не як прадстаўнікі адзінай, агульнай дзяржавы, а як абаронцы інтарэсаў двух дзяржаў—Польскай і Літоўска-беларускай, хаця і аб‘яднаўшыхся ў адну Рэч Пасполітую, але маючых свае асобныя правы і розныя інтарэсы.

Трэці Літоўскі Статут замацаваў гэта значэньне рады, як установы, з дапамогай і нарадаю якой вялікі князь кіруе Літоўска-Беларускай дзяржавай. Рада выступае, як установа самостойная, бяз усякай супольнасьці і сувязі з сэнатарамі кароннымі. Праўда, Статут не пералічвае пэўнай компэтэнцыі Рады і тых спраў, якія яна вырашала, але існаваньне Рады, як установы аддзельнай ад Польскага сэната, выступае выразна.

  1. Статут 1529 г. III, 6.
  2. Маліноўскі, ст. 111.
  3. Uol. legum. II, 90 § 8.
  4. ibidem ст. 93 і конст. 34, ст. 94.