Старонка:Дружчыц Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзеля кароны і княства, як аднае дзяржавы; 3) незалежную і асобную ад кароннай рады дзейнасьць Рады Княства; 4) прызнаньне права на атрыманьне спадкавых зямель выключна родзічам вялікага княства.

Разглядаючы зьмест артыкулаў Статуту 1588 году і раўняючы іх з пастановамі Люблінскага сойму, можна зрабіць вывад, што Вялікае княства ня лічылася з актамі вуніі, а калі гэта так, то немагчыма было чакаць ад спольнага сойму згоды на зацьвяржэньне Статуту Вялікага Княства Літоўскага з падобным зьместам. Даць гэту згоду значыла־бы для Польшчы формальна, шляхам соймавага законадаўства, адмовіцца ад пастаноў Люблінскага сойму 1569 году.

Як־жа быў зацьверджан Трэці Літоўскі Статут? Высьвятленьня гэтага пытаньня ў значнай меры зробіць болей ясным і зразумелым самы зьмест Статуту і яго паходжэньне з пастановамі Люблінскай вуніі.

Паправа Статуту 1566 году фактычна пачалася ужо да Люблінскай вуніі. Ужо Берасьцейскій сойм таго-ж 1566 году ў ліку сваіх спраў уводзіць і ״паправу“ Статуту. Горадзенскі сойм 1568 г. для паправы выбірае комісію і ўстанаўляе спосаб яго паправы. Люблінскі сойм так-жа пастанавіў паправу, паставіўшы новае заданьне—прыстасаваць законы вялікага княства да законаў кароны, але ў склад камісіі ня увёў ніводнага польскага прадстаўніка.

Пасьля Люблінскага сойму кіруючыя колы Літоўска-Беларускай дзяржавы ня толькі не выказваюць жаданьняў правесьці ў жыцьцё пастановы сойму, аб зьліяньні дзьвюх дзяржаў і двух народаў у вадно цэлае, но і ўпарта й напружана вядуць змаганьне за абарону незалежнасьці. Многа раз яны падымаюць пытаньне аб звароце анексіраваных Падлесься, Валыні і Украіны, вядуць самастойную надворную політыку з Масквой, адмаўляюцца прызнаваць констытуцыю 1573 году, ухваленую Варшаўскім соймам і, наканец, адмаўляюцца прызнаваць абранага Стэфана Баторыя, і прызнаюць яго пасьля асобнай прысягі і задаваленьня другіх сваіх дамаганьняў, выстаўляюць цэлы шэраг і другіх затрабаваньняў, як падзел Ліфлянт, для замацаваньня сваёй незалежнасьці[1].

Значную частку гэтых патрабаваньняў яны зьдзейсьнілі. У ліку гэтых дамаганьняў было й зацьверджаньне Статуту. Ужо на Варшаўскім сойме 1582 году Літоўска-Беларускае княства, патрабавала зацьвержаньня Статуту без разгляданьня яго соймам, але польская частка Сойму абараніла абявязковае яго разгляданьне.[2]

На Віленскім зьезьдзе 1584 г. кароль Стэфан Баторы даў гарантыю зацьверджаньня Статуту, аднак гэтага яму зрабіць не ўдалося. Толькі ў бескаралеўе пасьля сьмерці Стэфана Батора, калі ўладу караля браў на сябе "народ“, вялікае княства стала, болей рашуча ў сваіх дамаганьнях. Як асобная дзяржава, Літоўска-Беларускае княства ня прымае ўдзелу ў супольных соймах, а вядзе з імі перагаворы праз сваіх прадстаўнікоў, утварае свае соймы. У 1587 годзе яно зьбірае ў Вільні тры зьезды: у студзені, кастрычніку й лістападу, якія ўжо маюць характар не галоўных соймікаў, а ранейшых соймаў.[3] Зьезды вырашалі пытаньні адносна задаваленьня бягучых патрэб княства й выставілі цэлы шэраг дамаганьняў да Польшчы. Паміж Каронай і Літвой была ўстаноўлена згода, замацаваная асобным актам 4 жніўня 1587 г. Па гэтай згодзе быў вызначан шлях, якім літоўцы могуць атры-

  1. Лаппо. Великое Княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория, ст. 85—228.
  2. Лаппо к вопросу об утверждении III литовского Статуту ст. 29.
  3. И. И. Лаппо. Постановление трех Виленских с'ездов 1587 г. (Сборник статей посвященных С. Ф. Платонову, СПб. 1911 г.)