Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І сын мой едзе з вамі — перадасць
Яе епіскапу.
Вартавы.
Тады я еду.
Да пабачэння, доктар.
Георгій.
Добры пуць!

(Старая, пагрымліваючы ланцугамі, пакланілася Георгію, шэпчучы нешта губамі, і ён адказаў ёй нахіленнем галавы. Начальнік турмы вымушан быў пайсці ўслед за арыштаванай. Суддзю спыніў забабонны страх і ён застаўся).

Суддзя (спрабуючы жартаваць).
Відаць, суддзю самому давядзецца
Ў турме перачакаць, пакуль мінецца бура.
Георгій.
Ад торбы і турмы не заракайся — кажуць
У нас, у Белай Русі, пан суддзя. Дарэчы,
Няўжо у вас сумленне спіць спакойна,
Адправіўшы на казнь старую без віны?
Суддзя.
Мой дзед і бацька суддзямі былі.
Яны, як запавет, мне перадалі:
«Ты за багатых суд судзі заўсёды
І будзеш правым перад богам і людзьмі».
Я так судзіў, і не было здарэння,
Каб памыліўся я… Сам памяркуй,
Багаты праў заўсёды: ён — не ўкрадзе, —
Бо у яго свайго хапае, — не заб’е,
Хіба баронячы жыццё сваё й набытак,
Не прысягне дарэмна — бо няма патрэбы.
А бедны што? Не ўкраў ён — дык украдзе;
Як сёння не салгаў, дык заўтра ён салжэ;
Не вінаваты ў тым, за што падсудны сёння,
Дык сто разоў раней яго судзіць я мог, —
Калі-б папаўся ён, — за гэткае-ж злачынства.
За што-ж мяне сумленне будзе мучыць?
Георгій.
Так, сапраўды, яно замкнута крэпка
І пераконанні такія не праб’е.
Суддзя.
І ў справе у тваёй да сённешняга дня
Не ведаў я — хто ты: ці бедны ці багаты.
Таму і не судзіў.
Георгій.
А сёння?
Суддзя.
А сёння знаю,
Што крэдыторамі апісана друкарня

У Празе Чэшскай у цябе, што тут